|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Кароткія гістарычныя звесткі пра менскі касцёл і кляштар бернардынцаў 14:21, 24/05/2007 Кляштар бернардынцаў заснаваны ў Менску ў 1624 годзе. Тады краснасельскі стараста Анджэй Кянсоўскі запісаў бернардынцам вялікі драўляны дом для размяшчэння канвента. У 1625 годзе ён дамогся сцвярджэння гэтай фундацыі з боку караля і вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонта III. Адначасова тэрыторыя манастырскага ўчастку была значна пашыраная. Кляштар атрымаў шырокія зямельныя ўладанні. Яго тэрыторыя была абмежаваная сучаснымі вуліцамі Кірылы і Мяфодзія, Гандлёвай, Герцэна і пл. Свабоды. У 1628 годзе гэтая фундацыя была афіцыйна замацаваная віленскім біскупам Еўстафіем Валовічам. Усё гэта дало падставу сыну Анджэя – Яну Кянсоўскаму пачаць будаўніцтва драўляных будынкаў касцёла і манастыра ў 30-я гады 17 стагоддзя. Новы касцёл святога Юзэфа і будынак канвента былі завершаныя ў 1638 годзе; аднак неўзабаве вялікі пажар знішчыў усе будынкі. У 1644 годзе віленскі біскуп Абрахам Вайна даў згоду на будаўніцтва новага каменнага касцёла. Да сярэдзіны 17 стагоддзя яго будынак, быў завершаны. Кляштар бернардынцаў у Менску вельмі пацярпеў у 1656 годзе падчас вайны паміж Рэччу паспалітай і Маскоўскай дзяржавай, аднак пасля заканчэння вайсковых дзеянняў быў хутка адноўлены. У 1676 годзе Крыштоф Завіша прыбудаваў да касцёла новую капліцу з фамільным пахавальным склепам. У 1740 годзе будынак касцёла і кляштара зноў пацярпелі падчас пажару, пасля якога былі рэканструяваныя. Паводле некаторых звестак перабудова касцёла была завершаная ў 1752 годзе. У 1753 годзе, дзякуючы ахвяраванням рэзчыцкага харунжага Я. Юдзіцкага пры кляштары было заснаванае братэрства Святой Ганны. У касцёльнай крыпце і на кляштарных могілках былі пахаваныя прадстаўнікі вядомых шляхецкіх і магнацкіх родаў: Завішай, Кянсоўскіх, Тышкевічаў, Хмараў і іншыя. У 18 стагоддзі пры кляштары існавала школа філасофіі, а 1819 годзе заснаваная школа з навучаннем па сістэме Бэл – Ланкастара. На пачатку 19 стагоддзя з боку плошчы на заказ кляштара былі пабудаваныя шырокія гандлёвыя рады, якія пазней атрымалі назоў Віленчукі. У 1864 годзе (пасля таго, як паўстанне Кастуся Каліноўскага было падушанае, – заўв. прэс-цэнтра Хартыі’97) кляштар быў закрыты, яго ўласнасць была канфіскаваная царскім урадам. У 1860 гады будынкі кляштара былі перададзеныя вайсковаму ведамству, а касцёл у 1872 годзе прыстасаваны пад архіў. У 1926 годзе комплекс кляштара быў прыняты пад дзяржаўную ахову як помнік архітэктуры. Цяпер мае статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння. Гістарычна касцёл і кляштар размяшчаліся па цяперашнім адрасе: Менск, вул. Кірылы і Мяфодзія 4–8. Цягам вышэй названага адрэзка часу ў памяшканні касцёла і Манастыра бернардынцаў размяшчалася каталіцкая суполка, У.Н. Дзянісаў Намеснік старшыні Менскага гарадскога савета Беларускага добраахвотнага таварыства Аховы помнікаў гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь. ![]()
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|