Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Улады Беларусі абвясцілі вайну спадарожнікаваму тэлебачанню. Па словах службоўцаў, усталяваныя жыхарамі “талеркі” псуюць гарадскую эстэтыку. Вінавацячы ўладальнікаў у “самавольным змяненні фасадаў будынкаў”, яны патрабуюць дэмантаваць спадарожнікавыя антэны, піша «Независимая газета».
Па збегу акалічнасцяў, алергія ўлад да “талерак” узнікла менавіта тады, калі стала вядома пра тое, што неўзабаве жыхары Беларусі змогуць прымаць сігнал незалежнай тэлекампаніі “Беларусь-ТV”, якая пачынае функцыянаваць у суседняй Польшчы. Зразумелая справа, палітычную падаплёку “антыспадарожнікавай” кампаніі ўлады адмаўляюць і аргументуюць сваё рашэнне менавіта клопатам аб абліччы беларускіх гарадоў.
Першай ахвярай атакі сталі жыхары горада Ліда Гарадзенскай вобласці. Тут прыкладна месяц таму мясцовыя ўлады прапанавалі гараджанам на выбар: альбо добраахвотна дэмантаваць свае спадарожнікавыя антэны, альбо даць магчымасць заняцца гэтым муніцыпальным службам за 15–200 дол. у выглядзе штрафу. Цяпер аналагічныя прапановы-загады сталі атрымоўваць жыхары Менска і іншых буйных беларускіх гарадоў. У іх ёсць і трэці шлях – яны могуць “легалізаваць” свае “талеркі”, атрымаўшы адпаведны дазвол у архітэктурным упраўленні мясцовага выканкама. У такім выпадку, па словах менскіх службоўцаў, не будзе парушацца артыкул Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які ўступіў у сілу з 1 сакавіка 2007 года і які прызначае адказнасць за змяненне фасадаў будынкаў, у дадатак да датаванага 1994 годам рашэння Менгарвыканкама “Аб упарадкаванні і размяшчэнні індывідуальных антэн для прыёму праграм тэлебачання з штучных спадарожнікаў Зямлі”.
Але вельмі хутка высветлілася, што атрымаць дазвол у архітэктурных упраўленнях немагчыма. “Мне проста сказалі, што ніякіх дакументаў даваць не будуць”, – паведаміў “НГ” радавы менчук, які каля 10 гадоў таму заключыў дамову з кампаніяй “Космос-ТВ”, якая валодае ўсімі неабходнымі ліцэнзіямі на спадарожнікавае тэлевяшчанне. Але службоўцы, рассылаючы загады, не разбіраюцца, ці ёсць у ўладальніка спадарожнікавай антэны дамова на ўсталяванне і выкарыстанне “талеркі” або яна ўсталяваная самастойна.
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў, экс-суддзя Канстытуцыйнага суду, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў лічыць, што прыраўноўванне ўсталёўкі антэн да афармлення фасадаў будынкаў – вельмі адвольная трактоўка закона. “Яна супярэчыць арт. 34 Канстытуцыі, якая дае права грамадзянам на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне любой інфармацыі”, – заявіў ён “НГ”. Ёсць, на думку Пастухова, і іншая супярэчнасць: “Калі строга выконваць закон, то па-за ім аказваюцца толькі антэны, усталяваныя пасля 1 сакавіка – моманту ўступлення ў сілу новага адміністрацыйнага кодэкса. Закон не павінен мець зваротнай сілы, калі пагаршае прававое становішча суб`ектаў”. Юрыст лічыць, што дзеянні ўлад можна абскардзіць у судзе, аднак прадбачыць судовае рашэнне, зыходзячы з беларускай практыкі, нескладана.
На прасторы былога СССР дзеянні па забароне выкарыстання тэле- ці радыёсігналу ўлады выраблялі толькі аднойчы – у 1941 годзе па зразумелых прычынах у людзей канфіскоўвалі радыёперадатчыкі. Распачатая ў сярэдзіне 1990-х гадоў грузінскай прыватнай кампаніяй спадарожнікавага тэлебачання спроба навесці парадак у сваім бізнэсе шляхам канфіскацыі ў тбілісцаў “левых” антэн і самаробных прылад для раскадыроўкі сігналу была сустрэтая жыхарамі з такой агрэсіяй, што паліцыя палічыла за шчасце адмовіцца ад такога супрацоўніцтва з тэлевізійнікамі.
Цікава, што ў дружалюбнай Беларусі Туркменіі спадарожнікавым тэлебачаннем карыстаецца практычна ўся краіна. Забараніўшы ўвоз у Туркменію ўсялякіх замежных перыядычных выданняў, ні нябожчык Туркменбашы, які ўсталяваў у дзяржаве татальны кантроль, ні цяперашні прэзідэнт Гурбангулы Бердымухамедаў на права грамадзян глядзець замежныя тэлеканалы замахвацца не сталі.