Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Казулін працягвае барацьбу па сваёй крымінальнай справе 14:16, 25/05/2007
Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін паінфармаваны аб рашэнні Вярхоўнага суду наконт сваёй крымінальнай справы.
Нагадаем, 22 траўня Вярхоўны суд (ВС) адмовіў у задавальненні наглядных скарг па крымінальнай справе палітыка. ВС не знайшоў падстаў для апратэставання раней вынесеных судовых рашэнняў па справе А.Казуліна і яго вызвалення.
Пра рашэнне ВС зняволенаму палітыку распавёў яго адвакат Зміцер Горачка, які 24 траўня наведаў свайго падабароннага ў калоніі. А.Казулін спакойна ўспрыняў гэтую вестку, але заявіў, што мае намер адстойваць сваю невінаватасць і прайсці ўсё прадугледжаныя законам інстанцыі аж да міжнародных.
Як паведаміў БелаПАН абаронца А.Казуліна Ігар Рынкевіч, далейшая абарона па крымінальнай справе прадугледжвае зварот з нагляднай скаргай на імя генпракурора Беларусі. "Але з прычыны таго, што з Вярхоўнага суду адказ быў дадзены не самім яго старшынёй Валянцінам Сукалам, то і яму фармальна можна падаць паўторную скаргу, – сказаў І.Рынкевіч. – Аляксандр Казулін з адвакатам прыйшлі да высновы, што неўзабаве варта падаць адначасова скаргі абодвум галоўным службовым асобам наглядных інстанцый".
Пасля адказаў гэтых службоўцаў магчымасць абскарджання судовых рашэнняў па справе Казуліна ў нацыянальных інстанцыях будзе вычарпаная. "Аляксандр Казулін прасіў перадаць, што як раней ён не кланяўся, так і ў будучыні не збіраецца прасіць аб ласцы або аб нейкім памілаванні", – заявіў І.Рынкевіч.
Што тычыцца здароўя зняволенага палітыка, які, як вядома, галадаў 53 дні, то яно, па словах абаронцы, пакідае жадаць лепшага. Так, вага А.Казуліна трымаецца на адзнацы 87 кг, што на 20 кг менш, чым была да арышту. Комплекснае даследаванне здароўя Казуліна з выкарыстаннем дыягнастычнай тэхнікі дагэтуль не праведзенае, падкрэсліў І.Рынкевіч.
Па яго словах, паводле загадаў медыкаў калоніі зняволенага пакуль не дапускаюць да прац, але пры гэтым спецыяльную дыету яму "імкнуцца прыкрыць", збядняючы рацыён. "Адміністрацыя калоніі паслядоўна ўзмацняе жорсткасць у падыходзе да Казуліна, яго пераследваюць прыдзіркамі, асуджаныя па-ранейшаму баяцца мець стасункі з гнаным палітыкам", – адзначыў абаронца.