|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Кангрэс прайшоў. Што далей? 09:51, 28/05/2007
Сярод асноўных кірункаў дзейнасці АДС – інфармацыйная кампанія, якая выяўляецца ў дыялогу з грамадствам, элітамі і ўладай. У гэтых мэтах распрацоўшчыкі стратэгіі прапаноўваюць правядзенне кампаніі "Нацыянальны круглы стол". "Мэта круглага стала – не дапусціць эскалацыі крызісу, захаваць грамадзянскі мір і забяспечыць легітымізацыю ўлады ў краіне", – адзначаецца ў праекце стратэгіі. Пры гэтым, як лічаць аўтары дакумента, "сама згода ўлады на дыялог на вышэйшым узроўні будзе пацверджаннем абмежавання функцый дыктатара і пацверджаннем пачатку дэмакратычных ператварэнняў". “Малая Канстытуцыя” прынятая Дэлегаты Кангрэса дэмсілаў таксама ўхвалілі “малую Канстытуцыю” і эканамічную платформу аб’яднанай дэмакратычнай кааліцыі. Канстытуцыйны закон Рэспублікі Беларусь "Аб сістэме і паўнамоцтвах органаў дзяржаўнай улады, а таксама органаў мясцовага самакіравання" (так званая "малая Канстытуцыя"), як вынікае з праекту, "прымаецца ў мэтах выхаду беларускай дзяржавы і грамадства з канстытуцыйнага крызісу, які зацягнуўся, забеспячэння ў краіне канстытуцыйнай законнасці, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна", а таксама "носіць часовы характар і дзейнічае аж да ўступлення ў сілу новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь". "Малая Канстытуцыя" складаецца з пяці раздзелаў, у якіх падрабязна распісаныя прынцыпы абрання, фармавання і дзейнасці ўсіх галін дзяржаўнай улады. У дакуменце адзначаецца, што "Рэспубліка Беларусь прызнае, выконвае і забяспечвае агульнапрызнаныя правы і свабоды чалавека, замацаваныя ў Канстытуцыі і законах, а таксама прадугледжаныя яе міжнароднымі абавязальніцтвамі". "Міжнародныя дамовы, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь, з`яўляюцца складанай часткай нацыянальнага заканадаўства і ўжываюцца ўсімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі як непасрэдна дзейнае права", – гаворыцца ў праекце. Эканамічная платформа аб`яднаных дэмсілаў таксама распрацаваная на пераходны перыяд (да трох гадоў). У ёй даецца ацэнка сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. Адзначаецца, у прыватнасці, што "ў 2007 год Беларусь уступіла з грузам праблем, здольным абваліць эканоміку і рэзка знізіць узровень жыцця насельніцтва". "Перад намі – пагроза паслаблення нацыянальнай валюты, страты грашовых зберажэнняў і імклівага росту беспрацоўя", – гаворыцца ў дакуменце. "Аб`яднаныя дэмакратычныя сілы бачаць выхад у карэннай змене эканамічнага курсу краіны. Асноўныя яго параметры – гэтае паступовае скарачэнне ўдзелу дзяржавы ў эканоміцы, адмова ад практыкі дзяржаўнага манапалізму, развіццё канкурэнтнай рынкавай эканомікі на базе разнастайнасці форм уласнасці і найноўшых тэхналогій", – адзначаецца ў дакуменце. Мікалай Статкевіч прапанаваў альтэрнатыўную стратэгію дзеянняў Лідэр “Еўрапейскай кааліцыі”, кіраўнік аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), былы палітвязень Мікалай Статкевіч прапанаваў дэлегатам Кангрэса дэмсілаў альтэрнатыўную стратэгію дзеянняў дэмакратычнай кааліцыі. Галоўнае, што павінен вырашыць кангрэс, лічыць М.Статкевіч, – гэта не колькасць сустаршыняў Палітрады аб`яднаных дэмсілаў, а як перамагаць. Палітык прапанаваў стратэгію барацьбы, якая базуецца на еўрапейскіх каштоўнасцях. Каб прыйсці да ўлады, трэба змагацца ўжо цяпер, падкрэсліў палітык. М.Статкевіч таксама прапанаваў абмяркоўваць стратэгію дзеянняў дэмакратычнай кааліцыі не ў канцы КДС, калі ўсе ўдзельнікі форума стомяцца, а на пачатку. Аднак альтэрнатыўны варыянт стратэгіі, прапанаваны Еўрапейскай кааліцыяй (рухам, куды ўваходзяць сацыял-дэмакратычныя і моладзевыя актывісты), на галасаванне не выносіўся. Аляксандр Мілінкевіч: апазіцыя перажывае сур`ёзны крызіс Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што цяпер апазіцыя перажывае сур`ёзны крызіс. Пра гэта палітык заявіў, выступаючы 26 траўня на Кангрэсе дэмакратычных сілаў Беларусі. Гэты крызіс не канчатковы, але ўжо цяпер неабходна з яго выходзіць, лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі. Ён адзначыў, што калі ў 2001 годзе людзі сыходзілі з апазіцыі з прычыны пройгрышу (у 2001 годзе ў Беларусі праходзілі прэзідэнцкія выбары. – БелаПАН.), то цяпер з прычыны адсутнасці сур`ёзнай працы. "Мілінкевіч не павінен быць заўсёды лідэрам, але я не веру, што без лідэра магчымая перамога, – заявіў Аляксандр Мілінкевіч. – Лідэр павінен быць – гэта мая цвёрдая пазіцыя". Палітык лічыць, што пры выбары сустаршыняў шанцаў на перамогу ў апазіцыі будзе менш. Ён адзначыў, "што барацьба за ўладу змянілася барацьбой за ўладу сярод апазіцыі". Па словах Мілінкевіча, кааліцыя – гэта выдатная рэч, але яна не святая карова", яна павінна стаць сродкам, прыладай, а калі не будзе вынікаў – яе трэба перабудаваць па-іншаму. "Імітацыя дзейнасці апазіцыі не атрымае падтрымкі грамадства", – лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты. Таму галоўным вынікам кангрэса павінна стаць распрацоўка рэальнай дзейнасці апазіцыі, а не яе імітацыі. Мілінкевіч адзначыў, што ён на баку "еўрапейскай кааліцыі" дэмакратычных сілаў, стратэгію якой прапанаваў старшыня аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч. Па яго словах, яна блізкая да стратэгіі руху "За свабоду", якая таксама прадугледжвае правядзенне круглых сталоў з прадстаўнікамі ўлады, але толькі такіх, падчас якіх адбудзецца рэальнае абмеркаванне праблем. Мілінкевіч адзначыў, што да абрання сапраўднага лідэра апазіцыі трэба яшчэ рыхтавацца, тым не менш, ён "гатовы ўзяць на сябе адказнасць". Па яго словах, рух "За свабоду", які цяпер ствараецца, – не альтэрнатыва кангрэсу, а "спроба даць магчымасць дзейнічаць тым, хто хоча працаваць хутчэй". Сустаршыняў Палітрады дэмсілаў будзе чацвёра Адразу пасля завяршэння Кангрэса дэмакратычных сілаў прайшло паседжанне новай Палітрады, на якім зацверджаныя кандыдатуры чатырох сустаршыняў, паведамляе БелаПАН. Імі сталі лідэры Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, Партыі БНФ Вінцук Вячорка і выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч. За кожным з сустаршыняў будзе замацаваны пэўны кірунак працы, аднак які менавіта – Палітрада пакуль не вызначыла. Гэта звязанае з тым, што ад пасады сустаршыні адмовіўся кіраўнік руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. Першапачаткова планавалася, што Палітраду ўзначаляць пяць сустаршыняў, і кожны з іх будзе адказваць запэўны кірунак дзейнасці. Цяпер, пасля рашэння А.Мілінкевіча, прызначэнне кірункаў патрабуецца ў карэктыроўцы. "Наколькі будзе эфектыўная праца новай Палітрады —–пакажа "анатаміраванне", — вобразна выказаўся А.Лябедзька. — Калі мы зможам размеркаваць паміж сабою працу і зрабіць так, каб Палітрада дзейнічала, гэта будзе выдатна. Дарэчы, самае папулярнае слова на кангрэсе было "дзеянне", і самае галоўнае цяпер – таксама дзеянне". Наступнае паседжанне Палітрады плануецца правесці неўзабаве. Фота ByMedia.net
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|