Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
27 траўня ў Менску супрацоўнікамі міліцыі затрыманыя замежны прапаведнік грамадзянін Польшчы Яраслаў Лукасік і пратэстанцкі святар Антоній Бакун. Абодва святары былі дастаўленыя ва УУС Цэнтральнага раёна горада.
Як паведаміў журналістам юрыст Сяргей Луканін, прыкладна ў 12.30 дзесяць міліцыянтаў, палова з якіх была ў грамадзянскай вопратцы, без дазволу ўвайшлі ў прыватны дом Антонія Бакуна — пастара сталічнай царквы "Ян Прадвеснік" Аб`яднанай царквы хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь (Даўгінаўскі тракт, 54а), дзе праводзілася набажэнства. "У набажэнстве, якое супрацоўнікі сілавых структур запісалі на відэакамеру, удзельнічаў намеснік біскупа Аб`яднанай царквы хрысціян веры евангельскай Сяргей Цвор. Пасля завяршэння набажэнства былі затрыманыя Антоній Бакун і прапаведнік Яраслаў Лукасік.
Прычым Бакун і Лукасік пагадзіліся паехаць ва УУС Цэнтральнага раёна толькі пасля таго, як капітан Алексіевіч паабяцаў, што да затрыманых будзе дапушчаны юрыст. Аднак, нягледзячы на слова афіцэра, мяне да святароў не дапусцілі", – сказаў С.Луканін.
Пастара А.Бакуна вінавацяць у правядзенні несанкцыянаванага набажэнства. Чакаецца, што 28 траўня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска адбудзецца слуханне яго справы. Ноч пастар правёў пад вартай – альбо ў Цэнтральным УУС, альбо ў спецпрыёмніку-размеркавальніку ГУУС Менскага гарвыканкама на вуліцы Акрэсціна.
Што тычыцца Я.Лукасіка, то яго вызвалілі ў 16.15. Па словах С.Луканіна, пасля таго як стала вядома пра затрыманне польскага прапаведніка, ва УУС Цэнтральнага раёна прыязджаў консул Польшчы.
У інтэрв`ю БелаПАН Я.Лукасік адзначыў, што ён адмовіўся падпісаць пратакол, які быў складзены на яго ў міліцыі, а таксама даць свае адбіткі пальцаў. "Я мяркую, што прычынай майго затрымання стала раздражненне сілавых структур з прычыны агалоскі сітуацыі з маім выправаджваннем з краіны і з`яўленні ў прэсе маіх інтэрв`ю", – адзначыў прапаведнік.
Нагадаем, што на рашэнне Мядзелскага РАУС (Менская вобласць) Я.Лукасік павінен пакінуць межы Беларусі да 7 чэрвеня. Яму інкрымінуецца "дзейнасць, накіраваная на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь у сферы міжканфесійных стасункаў".