Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Польшча пагражае блакаваць уступленне Расеі ў СГА 12:27, 28/05/2007
Польшча пагражае Расеі праблемамі пры ўступленні ў СГА ў выпадку, калі не атрымаецца дасягнуць кампрамісу ў пытанні аб імпарце польскага мяса ў Расею, які цяпер знаходзіцца пад забаронай. Пра гэта, як паведамляе NEWSru.com, заявіў прэзідэнт краіны. Былы міністр абароны пайшоў яшчэ далей і заклікаў, пакуль не позна, блакаваць будаўніцтва Поўнача-Еўрапейскага газаправода.
Польская прэса ў панядзелак шырока абмяркоўвае заяву прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага, паводле якога Еўрапейскі Звяз можа паспрабаваць заблакаваць уступленне Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). У інтэрв`ю нядзельнаму выданню швейцарскай газеты Neue Zurcher Zeitung кіраўнік польскай дзяржавы звязаў гэта з тым, што Масква працягвае блакаваць імпарт мяса з Польшчы.
"Калі Расея захавае бескампрамісную пазіцыю, як гэта было дагэтуль, я не магу выключыць такога павароту падзей, – цытуе прэзідэнта Польшчы "Інтэрфакс". – Тым не менш, мы не рухаемся да канфрантацыі".
Прадстаўнік Еўрапейскай Камісіі Пітэр Паўэр раней нагадаў, што падтрымка ЕЗ уступлення Расеі ў СГА не з`яўляецца аўтаматычнай. "Еўрапейскі Звяз падтрымлівае ўступленне Расеі СГА, але не любой цаной, – сказаў ён. – Двухбаковыя праблемы і нядбайнасць у выкананні наяўных абавязальніцтваў становяцца сур`ёзнымі перашкодамі".
Экс-міністр абароны за энергетычную бяспеку і супраць Расеі
Радэк Сікорскі, які быў да нядаўняга часу міністрам нацыянальнай абароны Польшчы, на старонках The Financial Times заклікаў Еўропу выявіць салідарнасць і блакаваць будаўніцтва Поўнача-Еўрапейскага газаправода з Расеі ў Еўропу. "Расейская стратэгія раздзялення, судзячы па ўсім, захоўвае сілу, таму варта чакаць новых выпрабаванняў салідарнасці ЕЗ", – мяркуе Сікорскі. (Поўны тэкст на сайце Inopressa.ru.)
Успамінаючы правальны самарскі саміт Расея–ЕЗ, Сікорскі раіць: "З здабытым імі новым, больш ясным поглядам на Пуціна, канцлеру Нямеччыны і Еўракамісіі час адмяніць праект будаўніцтва Поўнача-Еўрапейскага газаправода паміж Расеяй і Нямеччынай пад Балтыйскім морам... З`яўляючыся самай абуральнай спробай Пуціна падзяліць ЕЗ і нанесці яму шкоду, гэты газаправод быў бы геапалітычнай катастрофай для Еўразвяза".
Сябры ЕЗ "будуць расплачвацца за ўзмацненне дамінавання на рынку расейскага "Газпрому" і яго саюзнікаў, што цалкам супярэчыць еўрапейскай палітыцы лібералізацыі. Непазбежна ўзрастуць цэны на энерганосьбіты і панізіцца канкурэнтаздольнасць Нямеччыны і ЕЗ. Выкарыстанне выкапнёвага паліва замацуецца ў шкоду таннейшай і чыстай ядзернай энергетыцы... Расея атрымае магчымасць раздзяляць старых і новых сябраў ЕЗ, выбарчым чынам перакрываючы кран, што яна прарабіла з Беларуссю, Грузіяй, Украінай і нядаўна з Эстоніяй і Літвой", – адзначае ў сваім артыкуле Сікорскі.