Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сталі вядомыя заказчыкі забойства Ганны Паліткоўскай 16:35, 28/05/2007
Калегі Ганны Паліткоўскай з “Новой газеты”, забітай 7 кастрычніка 2006 года, якія праводзілі ўласнае расследаванне забойства, заявілі, што ім вядомыя заказчыкі забойства журналісткі. Пра гэта піша французскае выданне Liberation.
“Мы ідэнтыфікавалі заказчыкаў. Застаецца даведацца, ці дзейнічалі яны незалежна альбо былі звязаныя з расейскімі сакрэтнымі службамі”, – распавёў выданню Вячаслаў Ізмайлаў, былы афіцэр расейскага войска, які стаў журналістам газеты і які займаецца расследаваннем.
Два падазраваныя, на якіх паказвае журналісцкае расследаванне, з`яўляюцца вышэйшымі службовымі асобамі Чачэнскай рэспублікі. Становішча аднаго з іх прымушае выказаць здагадку ў наяўнасці сувязяў з ФСБ. Пасля забойства Ганны падазраваныя або іх набліжаныя былі прызначаныя на яшчэ больш высокія пасады. Каб абараніць сябе, рэдакцыя "Новой газеты" паведаміла іх імёны BBC, нью-йоркскаму Камітэту па абароне журналістаў і Liberation.
На думку журналістаў "Новой газеты", афіцыйнае расследаванне збілася з шляху. "Да апошняга часу мы былі задаволеныя следствам, якое праводзяць міліцыя і Генпракуратура РФ. Следчыя распрацоўвалі той самы след, што і мы. Але пачалі адбывацца дзіўныя рэчы. ФСБ спрабуе накіраваць следства на Барыса Беразоўскага. Адзін вельмі прафесійны следчы, які вядзе расследаванне, быў адхілены ад справы", – сказаў Вячаслаў Ізмайлаў.
Праз сем месяцаў пасля забойства выканаўцы ўсё яшчэ не знойдзеныя. Камеры вонкавага назірання ў доме Ганны Паліткоўскай і ў краме, дзе яна рабіла пакупкі непасрэдна перад смерцю, зафіксавалі траіх падазраваных – аднаго забойцу і двух вартавых, мужчыну і жанчыну. Нягледзячы на гэтыя кадры, трое падазраваных не былі ідэнтыфікаваныя, што турбуе журналістаў газеты. "Без выканаўцаў будзе вельмі складана абвінаваціць заказчыкаў. Апошнія знаходзіліся ў Чачэніі ў дзень забойства, – адзначае Вячаслаў Ізмайлаў. – Мы баімся, як бы іх не апраўдалі, нават калі яны паўстануць перад судом".
Паводле шматлікіх крыніц "Новой газеты" у Чачэніі, прэзідэнту рэспублікі Рамзану Кадыраву вядомыя асобы заказчыкаў. "Яны забілі яе, але не на мой загад, а на загад ФСБ", – ужо заяўляў Кадыраў сваім набліжаным.
"Ва ўсялякім выпадку, ФСБ і адміністрацыя расейскага прэзідэнта, якая кантралюе яе, перашкаджаюць высвятленню вінаватых", – заявіў адзін з журналістаў "Новой газеты".