Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Апошні тыдзень траўня – Міжнародны тыдзень зніклых людзей 10:09, 29/05/2007
Апошні тыдзень траўня абвешчаны ЮНЭСКА Міжнародным тыднем зніклых людзей. Чатыры вядомых чалавекі зніклі ў Беларусі ў 1999–2000 гады. Экс-міністр унутраных спраў, генерал міліцыі Юры Захаранка быў выкрадзены ўвечары 7 траўня 1999 года непадалёк ад уласнай кватэры. Першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і яго сябар, прадпрымальнік і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі выкрадзеныя 16 верасня 1999 года. Журналіст Зміцер Завадскі 7 ліпеня 2000 года знік пры нявысветленых акалічнасцях па дарозе ў аэрапорт “Менск-2”.
Патрабаванне раскрыць праўду наконт знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Змітра Завадскага змешчанае ў рэзалюцыях Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, Камітэта па правах чалавека ААН, Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, сакратар Рады Бяспекі Віктар Шэйман, былы кіраўнік МУС Юры Сівакоў і камандзір спецназа ўнутраных войск Дзмітрый Паўлічэнка падазраюцца міжнароднай супольнасцю ў дачыненні да знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Змітра Завадскага.
20 снежня 2006 года Генеральная Асамблея ААН аднагалосна прыняла Міжнародную Канвенцыю для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. 6 лютага 2007 года на спецыяльнай цырымоніі ў Парыжы Канвенцыя была падпісаная 57 дзяржавамі-сябрамі ААН.
Міжнародная канвенцыя для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў загадвае дзяржавам-сябрам ААН прымаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры ў мэтах прадухілення і спынення актаў гвалтоўнага знікнення. Яна забараняе існаванне сакрэтных турмаў і абавязвае паведамляць сем`і пра лёс іх затрыманых сваякоў. Дакумент прадугледжвае стварэнне спецыяльнага камітэта па гвалтоўных знікненнях, які будзе разглядаць даклады краін-удзельніц і скаргі прыватных асоб. У новым дакуменце падкрэсліваецца, што пры пэўных акалічнасцях гвалтоўныя знікненні могуць прызнавацца злачынствам супраць чалавечнасці. У гэтай якасці яны падпадаюць пад юрысдыкцыю міжнароднага крымінальнага права.
10 траўня 2007 года ў Парыжы арганізацыямі, якія аб’ядноўваюць сваякоў гвалтоўна зніклых людзей, было прынятае рашэнне аб стварэнні кааліцыі па далейшым лабіяванні Міжнароднай канвенцыі ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў на лакальным узроўні. Наступныя арганізацыі ўвайшлі ў новую кааліцыю: FIDH (Міжнародная федэрацыя па правах чалавека), “Міжнародная Амністыя”, ICJ (Міжнародны справядлівы суд), Human Rights Watch, FEDEFAM (Лаціна-Амерыканская Федэрацыя сваякоў зніклых людзей), FIACAT (Міжнародная хрысціянская федэрацыя за адмену катаванняў), Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа, Гуманітарны Камітэт па Правах Чалавека, грамадзянская ініцыятыва “Мы памятаем”.
Першачарговая задача кааліцыі – дамагчыся ад 20 дзяржаў-сябраў ААН ратыфікацыі Міжнароднай канвенцыі ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. Дзяржавы, якія ратыфікавалі канвенцыю, абавяжуцца адаптаваць нацыянальнае заканадаўства да патрабаванняў і прынцыпаў, пазначаных у канвенцыі. На трыццаты дзень пасля здавання на захоўванне Генеральнаму сакратару ААН 20-ай ратыфікацыйнай граматы канвенцыя ўступіць у сілу.
16 студзеня 2007 года Грамадзянская ініцыятыва “Мы памятаем”, якая аб’ядноўвае сваякоў ахвяр гвалтоўных знікненняў у Беларусі, накіравала ўраду Беларусі зварот, у якім змешчаны заклік накіраваць дэлегата на цырымонію падпісання Міжнароднай канвенцыі ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. На жаль, гэты заклік быў праігнараваны ўрадам.
Тым не менш, грамадзянская ініцыятыва “Мы памятаем” выказвае надзею, што адным з першых актаў, падпісаных і ратыфікаваных Свабоднай Беларуссю, будзе акт аб далучэнні да Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў – дакумента, які закліканы спыніць паток гвалтоўных знікненняў і аднавіць у правах сотні тысяч ахвяр гвалтоўных знікненняў ва ўсім свеце.