Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вінцук Вячорка: Працэс над «Маладым Фронтам» – тэст для ўладаў 09:56, 29/05/2007
Прысуд актывістам “Маладога Фронта” будзе вынесены сёньня ў судзе Савецкага раёна Менску. За дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі абвінаваўца запатрабаваў пакараць Змітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана штрафам у 500 базавых велічыняў, а непаўналетнюю Насту Палажанку - выхаваўчымі працамі. Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў праваабарончаму цэнтру “Вясна” у судзе, што “судовы працэс над "Маладым Фронтам" – своеасаблівы тэст, лакмусавая паперка: калі ўлады хочуць паказаць, што яны ўсур’ёз занепакоеныя будучыняй краіны, калі ўлады ўсьведамляюць глыбіню крызісу, які пачаўся з новага году, то гэта азначае, што яны не абмяжуюцца выпушчэньнем палітвязьняў Статкевіча, Севярынца і Садоўскай”.
– Якія вашыя прагнозы адносна судовага працэсу?
– Я навучыўся аднаму правілу: ня вер, ня бойся, не прасі, таму ані ў якія словы ўладаў ня веру і прагнозы даваць асьцерагаюся. Але я ведаю адно, што Еўразьвяз, ЗША і аб’яднаныя дэмакратычныя сілы маюць сінхронную пазіцыю – сур’ёзны дыялог з цяперашнімі ўладамі магчымы толькі пры ўмове вызваленьня ўсіх без выключэньня палітвязьняў і спыненьня ўсіх без выключэньня палітычных крымінальных справаў. Гэта значыць, што сёньняшні судовы працэс над "Маладым Фронтам" – своеасаблівы тэст, лакмусавая паперка: калі ўлады хочуць паказаць, што яны ўсур’ёз занепакоеныя будучыняй краіны, калі ўлады ўсьведамляюць глыбіню крызісу, які пачаўся з новага году, то гэта азначае, што яны не абмяжуюцца выпушчэньнем палітвязьняў Статкевіча, Севярынца і Садоўскай, а азначае, што сёньня могуць спусьціць усё на тармазах. Я хацеў бы на гэта спадзявацца.
– Што тычыцца палітвязьняў, то ў прэсе ўжо прайшла інфармацыя пра магчымае абвяшчэньне амністыі. Але ў выпадку з Казуліным не зразумела, ці выйдзе ён на волю, тым больш што літаральна на днях яму адмовілі ў задавальненьні надзорнай скаргі. Ці пойдзе Захад на перамовы з рэжымам, калі той будзе за кратамі?
– Не, ня пойдзе. Пра гэта шмат разоў гаварылася і гэта было засьведчана на нашых перамовах са спадаром Крэймерам, які прыязджаў на афіцыйныя і неафіцыйныя перамовы з прадстаўнікамі ўладаў. Вызвалены павінны быць толькі ўсе палітвязьні, бо, калі застаецца хоць адзін, то гэта значыць, што ідуць таргі. А гэта пытаньне маралі, пытаньне прынцыпаў. Наколькі я ведаю, такая пазіцыя дэмакратычных краінаў Захаду тут аднадушная. Іншая рэч, што, напэўна, Лукашэнка пакідае Казуліна як самы важкі аргумент у таргах, акрамя таго Казуліну ідзе асабістая помста, якога ён не любіць. Таму Лукашэнка будзе рабіць усё, каб адцягваць яго магчымае вызваленьне.