Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка: Калі мы аб’яднаемся з Расеяй, то станем новай Чачэніяй 13:35, 29/05/2007
“Нават калі найбагацейшыя амерыканцы прапануюць нам стаць 51-м ці 55-м штатам, то мы ніколі на гэта не пойдзем. Мы не хочам ні ў склад Польшчы, ні ў склад Літвы, мы не ўвойдзем у склад Расейскай Федэрацыі. Гэта не трэба і гэта нават шкодна і, калі хочаце, гэта прывядзе да новай Чачэніі на захадзе Расеі”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў аўторак у Менску, сустракаючыся з дэлегацыяй Сібірскай федэральнай акругі РФ на чале з губернатарам Краснаярскага краю Аляксандрам Хлапоніным.
Аляксандр Лукашэнка адзначае складанасці ва ўзаемінах з Расеяй, звяртаючы ўвагу на наяўнасць момантаў, якія кажуць пра фактычную дэнансацыю Дамовы аб стварэнні “саюзнай дзяржавы” з Расеяй. “Чаму сёння фактычна дэнансуецца Дамова аб стварэнні “саюзнай дзяржавы”? Добра, мы з Ельцыным яе пісалі, але ратыфікавалі мы яе з цяперашнім прэзідэнтам і абменьваліся ратыфікацыйнымі граматамі з прэзідэнтам Пуціным. Значыць, гэта было прызнанае і падтрыманае, гэта быў правільны кірунак”, – заявіў беларускі кіраўнік.
Лукашэнка адзначыў, што "тут абсалютна нічога не залежыць ад Беларусі". "Мы гатовыя не проста да дыялогу, а да самых сур`ёзных стасункаў з Расеяй. Але мы хочам пэўна ведаць, чаго хоча Расея ад Беларусі, якія прычыны той ці іншай прапановы, напрыклад, па адзінай валюце", – сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы і спытаў: "Чаму мы ставім калёсы наперадзе каня?".
"Чаму не Канстытуцыя, што прапісана саюзнай дамовай, чаму не Канстытуцыйны акт, у якім і прапісаныя пытанні адзінай валюты? Чаму раптам выдзіраюць адзін элемент?" – спытаў А.Лукашэнка.
Пры гэтым, па яго словах, “калі мы кажам пра адзіную валюту, то нам кажуць, што гэта будзе расейскі рубель з адзіным эмісійным цэнтрам у Маскве?”. “Чаму з комплексу мерапрыемстваў выдзіраецца адно пытанне?", – спытаў кіраўнік Беларусі.
Звяртаючыся да губернатара Краснаярскага краю, А.Лукашэнка выказаў здагадку: "Думаю, вы ведаеце, у чым прычына такіх рухаў цела з боку расейскай улады". Пры гэтым беларускі кіраўнік заявіў, што "мы не хацелі б быць марыянеткай у кагосьці". "Прынцыповым для нас з`яўляецца тое, што мы не станем часткай нейкай дзяржавы", – сказаў А.Лукашэнка.
Па яго словах, "ёсць пэўныя сілы, якія гэтага толькі і чакаюць". Лукашэнка таксама адзначыў, што "нам прапаноўваюць увайсці ў склад Расеі, але з урэзанымі правамі".