Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Украіна не ўвайшла ў адзіны энергарынак СНД 17:09, 29/05/2007
Галоўным вынікам 31-га паседжання Электраэнергетычнага савета краін СНД з`яўляецца пачатак прац па запуску агульнага электраэнергетычнага рынку краін, якія падпісалі 25 траўня 2007 года ў Ялце пагадненне аб фармаванні дадзенага рынку, заявіў кіраўнік РГА "ЕЭС Расеі" Анатоль Чубайс пасля заканчэння паседжання савета ў Ерэване ў аўторак.
"Амаль усе дзяржавы СНД цяпер працуюць у адзінай энергасістэме, і той факт, што мы да тэхналагічнага адзінства дадалі рынкавае – з`яўляецца найважнейшым крокам у сумеснай працы на карысць развіцця эканомік нашых краін", – сказаў Чубайс. Падпісанае ў Ялце пагадненне паміж Расеяй, Арменіяй, Беларуссю, Казахстанам, Таджыкістанам і Кыргызстанам прадугледжвае фармаванне прынцыпаў узаемавыгаднага міждзяржаўнага гандлю электраэнергіяй і дазваляе зрабіць першыя крокі па стварэнні ў СНД адзінай прасторы ў электраэнергетыцы. Па словах Чубайса, з моманту падпісання дадзенага пагаднення цягам 12 месяцаў "бакі павінны падрыхтаваць планы па яго рэалізацыі і выпрацаваць да наступнага паседжання савета шэраг дакументаў па гэтым пагадненні", паведамляе РІА «Новости».
Адной з найважнейшых задач кіраўнік РГА "ЕЭС" назваў развязанне праблемы функцыянавання адзінага рынку электраэнергіі краін СНД пасля рэарганізацыі РГА "ЕЭС Расеі". "Неабходна выпрацаваць сістэму функцыянавання гэтага рынку і яе падрыхтоўку завяршыць да заканчэння рэарганізацыі расейскага энергахолдынгу", – сказаў Чубайс. Ён таксама адзначыў, што лёс ЗАТ "Інтэр РГА ЕЭС" – кампаніі, якая ажыццяўляе імпарт-экспарт электраэнергіі і кіруе замежнымі электраэнергетычнымі актывамі, ужо вызначаная, – "у яе склад будзе занесеныя некалькі расейскіх электрастанцый". "Доля дзяржавы ў "Інтэр РГА" будзе складаць не менш як 50%", – сказаў Чубайс.
Паводле інфармацыі кіраўніка РГА "ЕЭС", канцэпцыя фармавання агульнага электраэнергетычнага рынку краін СНД мае на ўвазе паэтапную лібералізацыю эканамічнай дзейнасці ў электраэнергетыцы і ўкараненне рынкавых стасункаў і канкурэнцыі, паступовае адкрыццё ўнутраных рынкаў электраэнергіі і паніжэнне парога доступу спажыўцоў на гэты рынак, а таксама інтэграцыю ўнутраных рынкаў электраэнергіі і гарманізацыю нацыянальнага заканадаўства. Магчымымі мадэлямі фармавання агульнага рынку электраэнергіі з`яўляюцца агульны трансмежны рынак, двухбаковы трансмежны гандаль праз двухбаковыя кантракты і аўкцыёны прапускной здольнасці.
У якасці далейшых крокаў развіцця трансмежнага рынку краін СНД вызначаныя ўзгадненне асноўных прынцыпаў трансмежнага гандлю, адказныя інфраструктурныя арганізацыі, распрацоўка правіл на двухбакова- і шматбаковай аснове і паступовая рэалізацыя механізмаў трансмежнага гандлю ў пілотным рэжыме. Кіраўнік РГА ЕЭС назваў супрацоўніцтва з Казахстанам у галіне стварэння адзінага рынку электраэнергіі магчымым "прыкладам фармавання мадэлі такога супрацоўніцтва пасля завяршэння рэформы РГа "ЕЭС Расеі".
У сваю чаргу, намеснік міністра паліва і энергетыкі Украіны Уладзімір Лучнікаў адзначыў, што пакуль не будуць гатовыя адзіныя базавыя ўмовы для ўсіх краін для працы на агульным электраэнергетычным рынку, Украіна не ўвойдзе ў яго і не падпіша пагаднення аб стварэнні такога рынку. "Мы развіваем свой унутраны энергетычны рынак, беручы за прыклад рынкі Еўропы і ЗША. Па рынку краін СНД ёсць як станоўчыя, так і адмоўныя прыклады. Мы гатовыя падтрымаць трансмежныя ператокі электраэнергіі, але на энергарынку, як мы лічым, усе краіны павінны мець адзіныя базавыя ўмовы для працы", – сказаў Лучнікаў. Па яго словах, паколькі ў Украіны адсутнічае свая сыравінная база для вытворчасці паліва для электрастанцый, "нашай энергетыцы будзе вельмі складана канкураваць на агульным электраэнергетычным рынку". "Рэальнае далучэнне Украіны да агульнага рынку магчымае толькі тады, калі для ўсіх краін на ім будуць створаныя роўныя ўмовы", – сказаў прадстаўнік Украіны.