Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі нафтахімік пацярпеў за крытыку? 15:25, 30/05/2007
Супрацоўнікі КДБ Беларусі арыштавалі старшыню дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі “Белнафтахім” Аляксандра Бароўскага і шэраг іншых кіраўнікоў дзяржаўных структур па падазроне ў здзяйсненні карупцыйных злачынстваў. Па словах генеральнага пракурора Беларусі Пятра Міклашэвіча, у дачыненні затрыманых праводзяцца “неадкладныя следчыя дзеянні”. Генпракурор паведаміў, што ўсе падазраваныя знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ. Ён таксама ўдакладніў, што падчас правядзення расследавання ў Бароўскага канфіскаваныя буйныя сумы грошай, каштоўнасці і дакументы.
Некаторы час таму з`явілася інфармацыя, што Аляксандр Бароўскі напісаў заяву пра сыход з занятай пасады па ўласным жаданні.
Бароўскі быў прызначаны кіраўніком “Белнафтахіма” ў снежні 2005 года. Да гэтага ўзначальваў адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны рэспублікі наваполацкі “Палімір”. Прызначэнне Бароўскага было пададзенае Аляксандрам Лукашэнкам як неабходнасць “пошуку новых падыходаў да дзейнасці экспартна-арыентаванага канцэрна”.
Эксперты лічаць, што Бароўскі фактычна падпісаў сабе прысуд пасля крытычных выказванняў у дачыненні прадстаўнікоў беларускага ўрада, якія на пачатку года вялі перамовы ў Маскве аб перспектывах паставак сырой нафты на нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы краіны. Рашэнне Расеі аб уводзе мытнай пошліны на нафту стала тады для Менска поўнай нечаканасцю, што, па словах Бароўскага, сведчыла пра непрафесіяналізм асобных урадавых службоўцаў, паведаміла Расейская служба радыё “Свобода”.