Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь адмовілася ад ідэі прыватызаваць у 2007 г. акцыі нафтаперапрацоўчых і нафтахімічных прадпрыемстваў, заявіла “Інтэрфаксу” крыніца ў Фондзе дзяржмаёмасці Беларусі з спасылкай на неапублікаваную пастанову ўрада. План прыватызацыі на 2007 г. прадугледжвае прыватызацыю дзяржаўных доляй у 23 кампаніях, пры гэтым толькі ў 12 з іх дзяржава цалкам выйдзе з удзелу ў капітале. А увесь дзяржпрыбытак ад прыватызацыі складзе сёлета толькі 549,3 млрд беларускіх рублёў ($256,1 млн).
Падвышэнне Расеяй з пачатку 2007 г. цэнаў на газ з $49 да $100 за тысячу кубаметраў і ўвядзенне экспартнай пошліны на нафту не вымусіла Беларусь падвысіць план прыбыткаў ад прыватызацыі больш чым на 8% у параўнанні з 2006 годам, піша расейская газета “Ведомости”.
Усе апошнія месяцы службоўцы беларускага ўрада казалі пра гатоўнасць пачаць маштабную прыватызацыю дзяржуласнасці. Першы віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка 18 траўня заявіў журналістам, што да канца 2007 г. можа быць праведзена IPO некалькіх вядучых прадпрыемстваў нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, уключна “Нафтан” (Наваполацкі НПЗ), “Палімір” і “Хімвалакно”. Меркавалася размясціць на рынках невялікія пакеты акцый гэтых кампаній (10–15%), каб вызначыць іх кошт для заключэння ў будучыні пагадненняў з стратэгічнымі інвестарамі.
Цяпер жа ў сітуацыю ўмяшаўся Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што не бачыць вострай неабходнасці займацца прыватызацыяй. Непасрэднай пагрозы бюджэту краіны няма, гэта і стымулявала адкласці план маштабнай прыватызацыі, лічыць кіраўнік беларускага аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка..
У I квартале беларускі бюджэт быў зведзены з гіганцкім прафіцытам у 9,2% ВУП. Яго прыбыткі склалі 25,9% ад гадавога плану, выдаткі — 19,1% плану. Начальнік бюджэтнага ўпраўлення беларускага Мінфіна Максім Ермаловіч яшчэ ў красавіку сказаў, што прафіцыт дасягнуты дзякуючы падвышэнню Беларуссю экспартнай пошліны на нафтапрадукты да расейскага ўзроўню. Выдаткі, сказаў Ермаловіч, будуць расці і надалей – дзякуючы субсідаванню паставак нафты на давальніцкіх умовах на беларускія НПЗ і росту расходаванню бюджэтных арганізацый на аплату энергарэсурсаў. Дзяржбюджэт эканоміць на другарадных артыкулах выдаткаў, сказаў Ермаловіч.
Спалохаўшыся магчымага дэфіцыту пасля падвышэння цэнаў на расейскія энергарэсурсы, беларускія службоўцы замарозілі выдаткі на некалькі праграм у галіне навукі, культуры і адукацыі, гаворыць Заіка.
Цяпер беларускі ўрад плануе скончыць год з бюджэтным дэфіцытам у 1,5% ВУП. Але выдаткі, кажа Заіка, могуць быць павялічаныя.
Прыватызацыя не адмяняецца, але беларускае кіраўніцтва не бачыць неабходнасці з ёй спяшацца, бо “вострай патрэбы ў грашах няма”, мяркуе кіраўнік менскага аналітычнага цэнтра Ecoom Сяргей Мусіенка. Прыватызацыйныя праекты будуць рыхтавацца паступова, іх рэалізацыя пачнецца толькі ў 2008 г., лічыць ён.
Новыя цэны на энерганосьбіты будуць негатыўна ўплываць на беларускую эканоміку і ў наступныя гады, таму прыняцце кансерватыўнай праграмы прыватызацыі – гэта толькі “часовая бюракратычная рэакцыя”, лічыць прэзідэнт Інстытута энергетыкі і фінансаў Леанід Грыгор`еў.