Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рада Бяспекі ААН заснавала трыбунал па забойстве экс-прэм’ера Лівана 10:35, 31/05/2007
Рада Бяспекі ААН сваёй рэзалюцыяй заснавала міжнародны трыбунал па забойстве экс-прэм`ера Лівана. У падтрымку дакумента прагаласавалі 10 сябраў РБ ААН, пяць устрымаліся. Права вета не ўжыла ніводная краіна "вялікай пяцёркі". Расея ўстрымалася пры галасаванні.
У рэзалюцыі, аўтарамі якой выступілі дэлегацыі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі, абумоўлена, што палажэнні пагаднення паміж ААН і Ліванам аб заснаванні трыбунала ўступяць у сілу 10 чэрвеня, паведамляе ІТАР-ТАСС.
Рада Бяспекі прымае на сябе гэтыя паўнамоцтвы пасля таго як у самім Ліване бакі не здолелі прыйсці да кампрамісу і ратыфікаваць дакумент – яго заблакавала апазіцыя, узначаленая рухам "Хізбалах". На думку апазіцыі, мандат і механізм дзеяння трыбунала недастаткова прапрацаваныя і могуць пагражаць суверэнітэту краіны.
Трыбунал зоймецца судовым пераследаваннем асоб, вінаватых у забойстве Харыры 14 лютага 2005 года, а таксама, магчыма, расследаваннем і іншых палітычных злачынстваў, здзейсненых у Ліване з 1 кастрычніка 2004 года і звязаных з справай Харыры. Пакуль не вырашанае пытанне з месцам правядзення трыбунала. Не развязанае і пытанне аб узаемаадносінах трыбунала з камісіяй ААН па расследаванні забойства Харыры на чале з бельгійскім пракурорам Сержам Брамерцам, якая займаецца падрыхтоўкай доказнай базы.
Нагадаем, што былы прэм`ер-міністр Лівана Рафік Харыры загінуў 14 лютага 2005 года ў выніку выбуху па дарозе яго картэжу ў Бейруце. Смерць Харыры справакавала востры палітычны крызіс у краіне і паскорыла вывад сірыйскага воінскага кантынгенту з Лівана. Адказнасць за тэракт узяў на сябе палесцінец ад імя групоўкі "Ан-Наср валь-джыхад фі біляд аш-Шам", між іншым некаторыя бачныя палітыкі схільныя лічыць, што загад на забойства Харыры аддаў асабіста прэзідэнт Сірыі Башара Асад.
13 лістапада 2006 года ліванскі ўрад зацвердзіў праект стварэння трыбунала па справе аб забойстве Харыры. Згодна з вынесеным рашэннем, судовы працэс павінен быў насіць міжнародны характар.
Супраць міжнароднага расследавання забойства былога прэм`ер-міністра Лівана выступіў і Дамаск. Прэзідэнт Сірыі Башар Асад заявіў, што ніводны грамадзянін яго краіны не стане перад міжнародным трыбуналам па гэтай справе. Асад адзначыў, што ААН склала пагадненне аб заснаванні трыбунала з урадам Лівана, але не з Сірыяй. "З Дамаскам ніякіх кансультацый не праводзілася, таму стварэнне гэтага судовага органа з`яўляецца ўнутранай справай Лівана", – сказаў ён.