Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Раніцай 1 чэрвеня Барысаўскі дзіцячы прытулак раённага аддзела адукацыі наведалі сябры барысаўскага моладзевага цэнтра "Волат" пры ТБМ.
Адзін з актывістаў гэтай арганізацыі Андрэй Бабіцкі захапіў хлопцаў ідэяй сабраць свае дзіцячыя цацкі і даць ім другое жыццё – падарыць іх малым, абдзеленым цяплом сямейнай утульнасці. Акрамя цацак для дваццаці выхаванцаў прытулку была прыгатаваная сапраўдная неспадзеўка. Да іх у госці прыйшоў “жывы” Мікі Маўс і наладзіў грандыёзнае шоу. Малыя і іх выхавальнікі вадзілі разам з Мікі карагоды, гулялі з ім у рухомыя гульні, адказвалі на пытанні і загадкі. Кожны ўдзельнік гэтага імправізаванага ранішніка атрымаў ад Мікі Маўса сувеніры і падарункі на памяць.
Нягледзячы на ўсе праблемы ў іх жыцці, дзеці, якія патрапілі сюды з няшчасных сем`яў, пачалі ўсміхацца і радавацца жыццю. Выхавальнікі і педагогі прытулку выказалі вялікую падзяку хлопцам з "Волату" за іх высакародны парыў.
– Дзеці – гэта наша будучыня, і пра гэта трэба памятаць заўсёды, – выказаў сваё меркаванне і меркаванне сваіх сяброў Андрэй Бабіцкі.
У сценах прытулку знаходзяцца дзеці ад трох да пятнаццаці гадоў. Тут ім аказваецца сацыяльная псіхолага-педагагічная і медыцынская дапамога, яны займаюцца ў розных кружках, якія ўсебакова развіваюць, вучацца ў СШ №12 г.Барысава. Цягам паўгода -- усяго тэрміна іх тутэйшага знаходжання -- кожны тыдзень збіраецца кансіліум, дзе з бацькамі працуюць псіхолагі і сацыяльныя педагогі.
Па словах псіхолага прытулку Марыны Гоцман, да 80% дзяцей, якія тут знаходзяцца, вяртаюцца ў родныя сем`і або да сваякоў. Лёс гэтых хлопцаў кіраўнікі прытулку адсочваюць кожны месяц цягам паўгода.
Дзецям у прытулку надаецца шмат увагі: іх добра кормяць, апранаюць, імкнуцца разнастаіць іх вольны час, прышчапіць любоў да фізічнай культуры і дэкаратыўна-прыкладнаму мастацтву. Улетку іх вывозяць у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. І усё-ткі кіраўніцтва Барысаўскага дзіцячага прытулку спадзяецца, што ўсіх іх выхаванцаў забяруць да сабе ў сем`і добрыя людзі, якім неабыякавы лёс маленькіх грамадзян Беларусі.
Анатоль МАЗГОЎ, фота аўтара
На здымках: моманты акцыі "Волата" ў Барысаўскім дзіцячым прытулку.