Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Палітыкі пачалі падрыхтоўку да Эўрапейскага Маршу 19:52, 01/06/2007
Прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі плянуюць у кастрычніку гэтага года правесьці ў Менску Эўрапейскі марш.
"Малады Фронт” падтрымлівае правядзеньне ўвосень гэтага году Эўрапейскага маршу. Пра гэта заявіў лідэр “Маладога Фронту” Зьміцер Хведарук прэс-цэнтру Хартыі’97:
“Малады Фронт”, які прытрымліваецца эўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасьцяў, абавязкова выйдзе сёлета ўвосень на вуліцы нашай сталіцы. Мы правядзем сапраўдны Эўрапейскі марш. Яшчэ раз Беларусь скажа, што яна павінна быць у Эўропе. Мы мусім яшчэ раз паказаць здольнасьць і гатоўнасьць увайсьці ў склад аб’яднанай дэмакратычнай Эўропы”.
Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў “Радыё Свабода”:
“У кастрычніцкім "Эўрапейскім Маршы за свабоду" мы запатрабуем ад уладаў падтрымаць прапановы Эўрапейскага зьвязу, каб уратаваць краіну ад непазьбежнага крызысу.
Беларусь павінна неадкладна адказаць на зычлівыя прапановы Эўрапейскага зьвязу: выканаць 12 патрабаваньняў дэмакратызацыі і атрымаць доступ да эўрапейскіх праграмаў, прэфэрэнцыяў, інвэстыцыяў, крэдытаў, тэхналёгіяў.
"Эўрапейскі марш за Свабоду" з’яднае адказныя дэмакратычныя сілы ў дзеяньні, а ня ў слоўных гульнях".