Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Раманчук: Трэба распрацаваць нармальныя законы аб бюджэце, пенсійным забеспячэнні, ільготах і прыватызацыі 17:31, 01/06/2007
Аб`яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) маюць намер прапанаваць грамадству сваю канцэпцыю рэфармавання сістэмы льгот. Ва ўрад ужо паступаў альтэрнатыўны закон аб рэформе пенсійнага забеспячэння. "Тым не менш, немагчыма зрабіць рэформу пенсійнага забеспячэння адным законам. Тут трэба распрацаваць нармальныя законы аб бюджэце, аб пенсійным забеспячэнні, аб ільготах і аб прыватызацыі. Таму што, на маё глыбокае перакананне, грошы ад прыватызацыі павінны ісці ў пенсійны фонд, з якога потым, пасля іх эфектыўнага выкарыстання, і будуць выплачвацца пенсіі", – заявіў вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук падчас круглага стала, прысвечанага тэматыцы адмены льгот.
Таксама Яраслаў Раманчук прапанаваў прадстаўнікам грамадскіх арганізацый і палітычных партый уключыцца ў працу па распрацоўцы такіх законапраектаў.
Прапанову Я.Раманчука падтрымаў акадэмік Анатоль Паўлаў. "Трэба распрацоўваць такія законапраекты. Але пры гэтым аб`яднаныя дэмакратычныя сілы спачатку павінны выпусціць масавым тыражом улётку, дзе зразумелай народу мовай растлумачаць, чаго іх пазбавіў закон аб упарадкаванні льгот. Пасля гэтага ўжо можна прадстаўляць народу нашу стратэгію, нашы законапраекты, і выходзіць з імі, напрыклад, на парламенцкія выбары", – адзначыў А.Паўлаў. "Я лічу, што ў нас хапае спецыялістаў, хапае мазгоў, каб распрацаваць і прад`явіць грамадству такія дакументы", – дадаў ён.
Мерапрыемства прайшло 1 чэрвеня з ініцыятывы аб`яднаных дэмсілаў у офісе Партыі камуністаў Беларускай.