Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Заіка: У «Белнафтахіме» заўсёды былі карупцыйныя здзелкі 10:21, 01/06/2007
“Тое, што ў Беларусі перыядычна арыштоўваюць службоўцаў, міністраў, кіраўнікоў прадпрыемстваў – гэта звычайная палітычная і эканамічная практыка”, – лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка. Па яго словах, пасля таго, як грымнуў беларуска-расейскі нафтавы канфлікт, “нафтавы кірунак стаў вельмі хваравітым для ўлад”.
"Калі прэзідэнт ездзіць у Арабскія Эміраты, у Іран, у Азербайджан для таго, каб знайсці бочку нафты, то, натуральна, увага да таго, як гэтая нафта перапрацоўваецца, вельмі высокая, – сказаў эксперт у інтэрв`ю “Белорусскому партизану”. – А там заўсёды былі карупцыйныя пагадненні, там заўсёды былі адкаты, якія закранаюць у той ці іншай ступені тых ці іншых кіраўнікоў. Таму проста спрацавала кан`юнктура, і службоўцу, адказнага за нафтаперапрацоўку, арыштавалі".
Л.Заіка лічыць, што махінацыі з нафтай і нафтапрадуктамі ў “Белнафтахіме” могуць "вымярацца мільёнамі", але гэта павінна ўсталяваць следства. "Справа ў тым, што на нафце, на бензіне мільёны можна было зарабіць за лічаныя дні, калі толькі правільна зарыентавацца ў кан`юнктуры рынку. Купіў бензін ледзь танней, праз некалькі дзён прадаў ледзь даражэй – і гэтага дастаткова, каб стаць мільянерам", – лічыць эксперт.
Другая выснова, якую можна зрабіць з гэтага арышту, лічыць кіраўнік "Стратэгіі" – гэта "палітычная" і "дэманстрацыйна-ідэалагічная" падрыхтоўка насельніцтва да росту цэнаў і магчымага дэфіцыту паліва. "Насельніцтву цяпер можна будзе паказаць, хто ж у нас вінаваты ў дэфіцыце бензіну (а такое цалкам можа адбыцца). Вось няма бензіну, значыць, вінаватыя злодзеі і жулікі з "Белнафтахіма", якіх ужо пасадзілі", – сказаў Л.Заіка.