Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вернікі сабралі 20 тысяч подпісаў за вяртанне ім кляштара бернардынцаў 15:41, 04/06/2007
Каля 20 тысяч подпісаў сабраныя з 7 сакавіка пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне вернікам комплексу будынкаў кляштара менскага манастыра бернардынцаў, што размешчаныя па вуліцы Кірыла і Мяфодзія, 4, 6, 8.
Як паведаміла БелаПАН сябра камітэта рымска-каталіцкай суполкі святога Іосіфа Івона Мацукевіч, толькі праз суполку прайшло 10.126 подпісаў, адрасаваных Адміністрацыі прэзідэнта. "Прыкладна такая самая колькасць подпісаў была сабраная ў розных гарадах краіны і накіраваная кіраўніку дзяржавы, абыходзячы нашу суполку", – распавяла І.Мацукевіч.
Па яе словах, 28 траўня сябры камітэта суполкі сустракаліся з старшынёй Менскага гарвыканкама Міхаілам Паўлавым. "З гутаркі нам сталі вядомыя вынікі паседжання міжведамаснай камісіі для вывучэння пытання аб планаванай рэканструкцыі аб`ектаў былога кляштара, створанай рашэннем Адміністрацыі прэзідэнта, і абследаванні будынкаў спецыялістамі Міністэрства культуры. Так, у прыватнасці, службоўцы Мінкульта вынеслі рашэнне, што комплекс можа быць рэканструяваны на меркаванне ўлад, бо 142 гады будынкі кляштара выкарыстоўваліся не па прызначэнні. Далей Міхаіл Паўлаў запэўніў нас, што рэканструкцыя будынка касцёла не пацягне за сабою апаганенне рэлігійных пачуццяў вернікаў", – сказала І.Мацукевіч. На яе ж думку, у культавым будынку заўсёды прысутнічае Бог, і такі будынак навечна застаецца святыняй для вернікаў.
Збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы пачаўся пасля таго, як стала вядома пра планы Менгарвыканкама перадаць будынкі кляштара інвестарам для іх рэканструкцыі і прыстасавання пад гасцінічны комплекс і аб`екты гандлёва-бытавога прызначэння.