|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Аляксандр Бухвостаў: «У выпадку адмены гандлёвых прэферэнцый адказнасць кладзецца на ўрад Беларусі» 10:22, 04/06/2007 Маючы цяпер зарплаты, якія перавышаюць у пяць і больш разоў сярэднюю зарплату працаўнікоў, прафсаюзныя босы “дзяржаўных прафсаюзаў” нядрэнна ўладкаваліся. Адміністрацыя заганяе ў гэтыя прафсаюзы працаўнікоў, кантракты, як пятля на шыі, душаць працоўных, калі яны раптам выявяць свабоду або ў думках, або ў дзеяннях. Працаўнікоў ператварылі ў шрубкі, з якімі не лічацца: не падыходзіш – выкідваюць на вуліцу. Дарэчы, на сайце «СБ» ёсць меркаванне ўдзельніка форума, якога клічуць Вадзімам, (не паспелі, пэўна, прыбраць), які піша: «Калі звяртацца па дробязі ў прафком, то нейкі шанец на дапамогу ёсць. Што ж тычыцца абароны пры звальненні па скарачэнні, то тут прафком – верны сябра наймальніка. Ва ўсіх выпадках, пра якія я ведаю, гэта так. Мець кішэнны прафком – мара ўсялякага працадаўцы, і нядзіўна, што ўзнік такі канфлікт. Я ужо не кажу пра ролю прафкома ў размеркаванні чарговасці пры вырашэнні жыллёвых праблем. Блат, кумаўство і хабары. У выніку, забудоўшчыкамі становяцца тыя, хто больш патрэбны і мае сувязі, нягледзячы на чарговасць пастаноўкі на ўлік і рэальную патрэбнасць. Так што сорамна абараняць і хваліць нашы прафсаюзы. Ва ўсялякай нармальнай краіне іх бы разагналі паганым венікам і стварылі новыя "знізу". То, супраць чаго так змагаецца наша дзяржава-наймальнік, і завошта яе крытыкуюць тыя, каму гэтая сітуацыя здаецца няправільнай”. Цяпер ідзе кампанія збору подпісаў у МАП і амбасадарам краін ЕЗ супраць пазбаўлення Беларусі гандлёвых прэферэнцый за парушэнне правоў працаўнікоў. Вядома, працоўны, баючыся страціць месца і застацца без кавалка хлеба, падпіша ўсё, што яму загадае адміністрацыя, не разбіраючыся ў сутнасці пытанняў. А прафкомы “дзяржпрафсаюзаў”, як “шасцёркі”, дапамагаюць адміністрацыі ў гэтай справе. Пытанне захавання гандлёвых прэферэнцый можна вырашыць даволі проста. Трэба зарэгістраваць першасныя арганізацыі незалежных прафсаюзаў у Гародні, Магілёве, Гомелі, Менску. Трэба перастаць заганяць сілком людзей у “дзяржаўныя прафсаюзы” і даць ім магчымасць ствараць свае прафсаюзы або ўступаць у наяўныя незалежныя арганізацыі. Варта аднавіць на працы тых, хто звольнены за прафсаюзную дзейнасць, і спыніць пераслед сябраў незалежных прафсаюзаў. Неабходна даць свабоду прафсаюзам, як гэтага патрабуюць 87 і 98 Канвенцыі МАП. І не трэба іншых намаганняў, не трэба спроб увесці ў зман міжнародную грамадскасць. Усім даўно зразумела, што адбываецца ў Беларусі. Я мог бы доўга распавядаць пра здзекаванні службоўцаў гарвыканкамаў і службаў юстыцыі над лідэрамі арганізацый нашага прафсаюза. Але не буду. Хачу задаць адно пытанне. Чаму ўрад, вышэйшая ўлада так баіцца прафсаюзнага і працоўнага руху і не дае ім волю? Можаце самі паспрабаваць адказаць. Мой жа адказ – усялякая дыктатура больш за ўсё баіцца арганізаваных працаўнікоў, іх свабодных арганізацый. Дыктатура заўсёды наносіла першы ўдар на знішчэнне па незалежным прафсаюзным і працоўным руху. Так паступаюць і дыктатуры, і аўтарытарныя рэжымы, ды і капітал у цэлым. У Беларусі рэжым практычна пазбавіў працоўных палітычных правоў, задушыў іх адміністрацыйна і эканамічна, а цяпер знішчае апошнія арганізацыі незалежных прафсаюзаў. Усё дзейнічаюць заадно – адміністрацыя парушае закон і Канстытуцыю, пракуратура і суды пакрываюць гэтыя парушэнні і нават злачынствы. А ФПБ пры гэтым апелюе да міжнароднай супольнасці, патрабуючы захаваць гандлёвыя прэферэнцыі, якія з`яўляюцца фактычна прэміяй ураду за захаванне правоў чалавека і прафсаюзаў, правоў працаўнікоў. Улада не хоча выконваць рэкамендацыі МАП і канструктыўна рэагаваць на рашэнні міжнародных арганізацый. Такая ўлада ў Беларусі. Цынічная, нахабная і бессаромная. Уся адказнасць за эканамічныя страты ў выпадку адмены гандлёвых прэферэнцый кладзецца на ўрад Беларусі, на мясцовыя органы ўлады і кіравання. Аляксандр Бухвостаў, www.ucpb.org
|