Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пратэстанты Беларусі патрабуюць спыніць пераслед вернікаў (Фота) 17:37, 04/06/2007
Увечары 3 чэрвеня на пляцоўцы каля менскай царквы “Боская ласка” (“Благодать”)адбылася агульнапратэстанцкая малітва-пратэст супраць пераследу евангельскіх хрысціян органамі дзяржаўнай улады. У малітве ўзялі ўдзел каля пяці тысяч вернікаў усіх пратэстанцкіх дэнамінацый Беларусі. Тыя, што сабраліся, патрабавалі магчымасці для зарэгістраваных суполак праводзіць набажэнствы ў жылых і іншых памяшканнях і дазволу пераводзіць жылыя памяшканні ў культавыя.
Як паведаміў інфармацыйны цэнтр “Евангельская Беларусь”, прычынай малітвы-пратэсту паслужыў арышт пастара менскай царквы “Ян Прадвеснік” Антонія Бокуна. Яго затрымалі падчас святкавання Пяцідзесятніцы 27 траўня, змясцілі на суткі пад варту ў спецпрыёмнік-размеркавальнік на вуліцы Акрэсціна, а на наступны дзень аштрафавалі на 620 тыс. руб. “за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства”. 3 чэрвеня Антоній Бокун быў зноў арыштаваны падчас правядзення служэння хлебапраламлення і змешчаны ў той самы спецпрыёмнік-размеркавальнік. Суд над ім павінен адбыцца 4 чэрвеня.
У сваім выступе біскуп Аб`яднанай царквы Хрысціян веры евангельскай (ХВЕ) Беларусі Сяргей Хоміч сказаў, што паўторны арышт пастара Антонія Бокуна з`яўляецца своеасаблівым адказам улад на яго зварот у ГУУС Менгарвыканкама 29 траўня 2007 г., дзе ён выказаў пратэст супраць затрымання пастара і “шырокай” трактоўкі ўладамі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пасля біскупа пяцідзесятнікаў выступіў біскуп Саюза евангельскіх хрысціян баптыстаў у Беларусі Мікалай Сінкавец, які таксама выказаў занепакоенасць сітуацыяй у галіне свабоды сумлення.
Біскуп Рэлігійнага аб’яднання суполак хрысціян поўнага евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Вячаслаў Ганчарэнка ў сваёй пропаведзі нагадаў пра пачатак 1990-х, калі можна было прапаведаваць паўсюль і людзі каяліся, прыходзілі да Бога. Але час, па яго словах, змяніўся ў канцы 1990-х, калі афіцыйныя СМІ пачалі называць пратэстантаў сектантамі, з’явіліся забароны арэндаваць будынкі для набажэнстваў і г.д. Біскуп скончыў пропаведзь двума лозунгамі “Нельга маўчаць!”і “Не бойцеся!” .
Біскуп цэркваў ХВЕ Менскай вобласці, намеснік біскупа Аб`яднанай царквы ХВЕ Сяргей Цвор сказаў, што свабода пачатку 1990-х не была атрыманая дарма, яна аплачаная шматлікімі ахвярамі людзей, якія ішлі за праўду да канца. Цяпер цэрквам трэба аб`яднанне, каб Бог мог дзейнічаць у нашай краіне, сказаў ён.
У завяршэнне малітвы-пратэсту быў прыняты зварот да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у якім звяртаецца ўвага на “неабходнасць перагляду рэлігійнага заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з Канстытуцыяй Беларусі”, а таксама выказваецца пратэст супраць затрымання і змяшчэння ў турму святароў.