Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Больш за 70% беларусаў хочуць, каб улады выканалі патрабаванні Еўразвяза 16:03, 05/06/2007
Больш за 70 адсоткаў грамадзян Беларусі лічаць, што ўлады павінны пагадзіцца з заклікам Еўразвяза пачаць у краіне ліберальныя рэформы для паляпшэння стасункаў з Захадам, сведчаць дадзеныя апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) у траўні, паведамляе Reuters.
Апытанне, праведзенае адным з найстарэйшых у Беларусі сацыялагічных цэнтраў, закранула 1.530 рэспандэнтаў з памылкай рэпрэзентатыўнасці 0.03.
Пасля пагаршэння кантактаў Беларусь з суседняй Расеяй з прычыны нафтагазавага канфлікту на пачатку года Аляксандр Лукашэнка, які за дзесяць гадоў стаў для Захаду персонай нон грата, заявіў, што хоча памірыцца.
Еўрапейскі саюз у адказ нагадаў пра свае ранейшыя патрабаванні – пачаць дэмакратычныя ператварэнні, спыніць пераслед у дачыненні апазіцыі і адпусціць палітвязняў. За гэта ЕЗ абяцае 10-мільённай краіне гандлёвыя прэферэнцыі, спрашчэнне візавага рэжыму і фінансавую дапамогу.
Афіцыйны Менск называе гэтыя ўмовы непрымальнымі і патрабуе ад Захаду адмены ўведзеных пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў візавых санкцый супраць Лукашэнкі і яшчэ трох дзесяткаў службоўцаў.
Паводле дадзеных апытання, большасць грамадзян краіны ў дадзеным выпадку не падзяляюць меркаванне ўлад: патрабаванні ЕЗ, наўзамен выкананне якіх Еўропа гатовая даць дапамогу ў падвышэнні ўзроўню жыцця беларусаў, "не выклікаюць адарвання".
"У сярэднім 71,2% апытаных лічаць, што гэтыя патрабаванні "варта выконваць", – гаворыцца ў паведамленні НІСЭПД.
Паводле апытання, 85 адсоткаў беларусаў выступаюць за свабоду СМІ, 83 адсоткі падтрымліваюць патрабаванне аб дэмакратычных выбарах, 49 адсоткаў згодныя з патрабаваннем аб адмене пакарання смерцю.
Пры гэтым амаль палова рэспандэнтаў выказаліся таксама за пачатак перамоваў паміж уладамі і апазіцыяй.
"Шматлікія рэспандэнты, заяўляючы пра сваю падтрымку патрабаванняў Еўрапейскага Звязу, шчыра мяркуюць, што ніякіх праблем з іх выкананнем у Беларусі няма", – адзначаюць эксперты НІСЭПД.
Яны таксама ўпэўненыя, што "сам факт станоўчай ацэнкі ўсіх дванаццаці патрабаванняў Еўрапейскага Звязу гаворыць пра тое, што мільёны беларусаў гатовыя прызнаць еўрапейскія каштоўнасці."