Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мілінкевіч: «Бясплатны газ бывае толькі ў газавай камеры» 16:11, 05/06/2007
Газавая вайна паміж Беларуссю і Расеяй – прадказальны вынік палітычнай гульні беларускага кіраўніцтва пад назовам "Саюзная дзяржава". Пра гэта ў інтэрв`ю БелаПАН заявіў лідэр аб`яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч.
"Варта памятаць перадгісторыю гэтай вайны. Завошта мы атрымоўвалі танны газ – абяцалі, што пяройдзем да адзінай валюты, расейскага рубля, падпішам Канстытуцыйны акт, але нічога не выканалі. Таму што сённяшняму кіраўніцтву ўжо перахацелася інтэгравацца. Не таму, што яны хочуць жыць у незалежнай краіне, а таму, што яны змагаюцца за сваю ўладу. Пры аб`яднанні яны больш страцяць, чым набудуць. Вось гэта і ёсць прычына ўсёй гэтай вайны", – сказаў палітык.
Ён нагадаў, што ў беларускага кіраўніцтва была магчымасць за кошт супертанных энерганосьбітаў рэфармаваць эканоміку, падрыхтаваць яе да рынкавых стасункаў. "Народная мудрасць цяпер вельмі ўдала гаворыць, што бясплатны газ бывае толькі ў газавай камеры. Ці мае права "Газпром" падвышаць цэны? Вядома мае, таму што ў сусветнай рэальнай эканоміцы цану вызначае вытворца, а не пакупнік", – адзначыў А.Мілінкевіч.
Пры гэтым, па яго словах, "зразумела, што калі будзе патрабаванне рэзка падвысіць цэны, то давядзецца чымсьці адплачвацца". "Толькі чым? Калі "Белтрансгазам", то мне шкада яго, ён мог бы прыносіць прыбытак яшчэ нашым дзецям і ўнукам. Гэта ж ўся стратэгічная наша маёмасць. Яшчэ горш з суверэнітэтам. Сапраўды, падпісаць Канстытуцыйны акт – гэта вельмі сур`ёзна. І, я думаю, у Беларусі будуць буйныя пратэсты, і свет гэтага не прызнае, таму што ў такой краіне ніякія рэферэндумы праводзіць немагчыма", – падкрэсліў А.Мілінкевіч.
На думку палітыка, расейская ўлада "ужо зразумела, што сённяшняе беларускае кіраўніцтва не здольнае ні з кім пабудаваць добрасуседскія стасункі, яму немагчыма далей верыць. У Беларусі павінна быць прадказальная, дамоваздольная ўлада, якая будзе выконваць тое, што плануе".
Пры гэтым, лічыць А.Мілінкевіч, расейскае палітычнае кіраўніцтва "не будзе руйнаваць беларускую эканоміку, таму што гэта невыгодна ні нам, ні Расеі, ні Еўрапейскаму Звязу па шматлікіх прычынах". "Газпром" будзе спрабаваць атрымаць максімальныя дывідэнды ад гэтага або ў відзе атрымання маёмасці, або ў відзе вельмі хуткага аб`яднання дзвюх краін. Супраць гэтага я катэгарычна выступаю. Палітычнаму аб`яднанню – не, эканамічнаму супрацоўніцтву – так", – заявіў А.Мілінкевіч.