Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Цімафей Дранчук: «Відавочна, што стан здароўя Клімава крытычны» 13:23, 06/06/2007
“Сёння найважнейшае пытанне – здароўе Андрэя Клімава. Ведаючы яго як чалавека моцнага духам, я быў уражаны яго апошнімі лістамі – з іх відаць, што ён трымаецца з апошніх сіл. Ён ніколі раней у самых складаных сітуацыях не скардзіўся на здароўе, а цяпер ён гаворыць у асноўным пра гэта – відавочна, што праблемы крытычныя”, – заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 паплечнік палітвязня Андрэя Клімава, адзін з ініцыятараў стварэння Камітэта абароны правоў зняволеных "Над бар`ерам".
Праваабаронца паведаміў, што следчы па справе Клімава адмаўляецца каментаваць сітуацыю з палітвязнем і не дае магчымасці сваякам яго ўбачыць. Цягам месяца Цімафей Дранчук адправіў Андрэю Клімаву пяць лістоў, але на ніводны з іх не атрымаў адказу.
“Цалкам верагодна, што Клімава пазбавілі нават такой магчымасці мець узаеміны з знешнім светам – і відавочна, што робіцца гэта з мэтай псіхалагічнага ціску і на яго, і на яго родных і блізкіх. Самае страшнае – калі я ведаю, што ён вельмі дрэнна сябе адчувае, але не магу ніяк даведацца, які стан у яго было ўчора і які сёння. Ні следчы, ні адміністрацыя ВК-1, ні ДВН – ніхто не дае магчымасці не тое што сустрэцца, а нават атрымаць аб`ектыўную інфармацыю пра яго стан. І такая сітуацыя склалася з першых дзён яго арышту – усе супрацоўнікі СІЗА-1 у нефармальных гутарках прызнаваліся, што да іх быў даведзены ўказ перарываць усялякія спробы ўзаемін Клімава не тое што з знешнімі крыніцамі, а нават з суседнімі камерамі”, – гаворыць Цімафей Дранчук.
На думку Дранчука, улады хочуць давесці Клімава да такога стану, каб ён выйшаў з зняволення хворым чалавекам. “Гэта стала відавочна яшчэ тады, калі ён знаходзіўся ў СІЗА-1, а перададзеныя яму лекі зніклі. Давялі чалавека да сардэчнага прыступу і цяпер хочуць зрабіць інвалідам”, – упэўнены праваабаронца.
Апазіцыйны лідэр, дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Андрэй Клімаў быў арыштаваны 3 красавіка 2007 года за апублікаваныя ў Інтэрнэце публіцыстычныя артыкулы. Супраць палітыка ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 361 ч.3 КК РБ “Заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу, ажыццёўленыя з дапамогай СМІ”. Андрэй Клімаў утрымліваецца ў СІЗА №1 г. Менска. У ізалятары ў палітыка здарыўся сардэчны прыступ.
Раней Клімаў, актыўны апанент Аляксандра Лукашэнкі, правёў 4 гады ў турме па абвінавачваннях у эканамічных злачынствах, а таксама быў прысуджаны да 15 месяцаў абмежавання свабоды (“хіміі”) за арганізацыю вулічных акцый пратэсту на Дзень Волі ў 2005-м годзе. “Міжнародная Амністыя” прызнала Андрэя Клімава Вязнем сумлення.