Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Здароўе і жыццё Андрэя Клімава пад пагрозай 10:15, 06/06/2007
Андрэй Клімаў, сябра Нацыянальнага Камітэта Аб`яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання з 3 красавіка знаходзіцца ў турме. Гэта ўжо трэцяе пазбаўленне свабоды вядомага беларускага палітыка. Андрэй Клімаў – палітычны вязень, які больш за ўсіх правёў часу ў зняволенні.
У сувязі з арыштам палітыка, Аб`яднаная грамадзянская партыя прыняла заяву, у якой канстатуе:
“Тое, што адбываецца сёння з Андрэем Клімавым, ёсць не што іншае, як спроба палітычнага забойства непажаданага палітыка. Вось ужо некалькі тыдняў ён знаходзіцца ў турэмным лазарэце. У Андрэя сур`ёзныя праблемы з сэрцам. Ніякія юрыдычна абгрунтаваныя абвінавачванні яму да сёння не прад`яўленыя. Разам з тым яго ўтрыманне пад вартай падоўжанае яшчэ на тры месяца. У нас ёсць падставы сцвярджаць, што ўлада мае намер не толькі псіхалагічна зламаць, але і нанесці максімальную фізічную шкоду здароўю Андрэя Клімава”.
Аб`яднаная грамадзянская партыя патрабуе неадкладнага вызвалення палітвязня Андрэя Клімава. АГП гатовая выступіць у якасці калектыўнага гаранта, што Андрэй Клімаў не пакіне краіну, знаходзячыся падчас следства на свабодзе.
Аб`яднаная грамадзянская партыя заклікае міжнародную супольнасць, праваабарончыя аб`яднанні, міжнародныя арганізацыі, амбасады замежных дзяржаў у Беларусі актывізаваць дзейнасць па вызваленні Андрэя Клімава і іншых палітвязняў Беларусі. Пагроза для здароўя і жыцця Андрэя Клімава як ніколі вялікая.
Апазіцыйны лідэр, дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Андрэй Клімаў быў арыштаваны 3 красавіка 2007 года за апублікаваныя ў Інтэрнэце публіцыстычныя артыкулы. Супраць палітыка ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 361 ч.3 КК РБ “Заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу, ажыццёўленыя з дапамогай СМІ”. Андрэй Клімаў утрымліваецца ў СІЗА №1 г. Менска. У ізалятары ў палітыка здарыўся сардэчны прыступ.
Раней Клімаў, актыўны апанент Аляксандра Лукашэнкі, правёў 4 гады ў турме па абвінавачваннях у эканамічных злачынствах, а таксама 15 месяцаў абмежавання свабоды (“хіміі”) за арганізацыю вулічных акцый пратэсту на Дзень Волі ў 2005-м годзе. “Міжнародная Амністыя” прызнала Андрэя Клімава Вязнем сумлення.