Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пуцін мае патрэбу ў працяглым лячэнні 12:54, 08/06/2007, «Chicago Tribune», (США)
Элегантны балтыйскі гарадок Хайлігендам, які стаў месцам правядзення саміту “вялікай васьмёркі”, быў калісьці здраўніцай, што здаецца цалкам адпавядае выпадку. Адзін з гасцей саміту, расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, паводзіць сябе так, нібыта мае патрэбу ў працяглым лячэнні.
Сэнс запрашэння Расеі ў “сямёрку” прамыслова развітых дзяржаў быў у тым, каб згладзіць тую напружанасць, якая заставалася пасля заканчэння “халоднай вайны”. Расею пераконвалі ў тым, што яна – член сям’і, а не вораг. Але тактычныя спробы Захаду, здаецца, не даюць выніку.
Напярэдадні паездкі на саміт G8 Пуцін падаў сігнал, які прагучаў наступным чынам: Еўропа, у на ёсць ракеты, і нацэленыя яны на цябе.
Гэта была перасцярога Злучаным Штатам і тым еўрапейскім краінам, якім спадабаўся амерыканскі план размяшчэння проціракетнай РЛС у Чэхіі і ракет-перахопнікаў у Польшчы. Меркаваны ракетны шчыт прызначаны для абароны ад ваяўніча настроеных дзяржаў, такіх як Іран. Захад больш не лічыць Расею пагрозай. Але тым не менш, Пуцін паводзіць сябе ўсё больш варожа. Калі вы пойдзеце на рэалізацыю плана ПРА, кажа ён, то Расеі давядзецца нацэліць свае ракеты на Еўропу.
Пуцін вырашыў абыходзіцца з Захадам так, як ён абыходзіцца з сваімі ўласнымі грамадзянамі: калаціць па іх кувалдай. У сябе дома ён узмацняе пераслед палітычных апанентаў, сродкаў масавай інфармацыі, а таксама захоплівае змешчаныя ў прыватнай уласнасці актывы. Ён дэманструе сваю ваяўнічую варожасць тым, што адмаўляецца супрацоўнічаць з брытанскімі следчымі ў справе аб забойстве ў Лондане былога агента КДБ Аляксандра Літвіненкі. А цяпер ён пагражае ператварыць Еўропу ў цэль для сваіх ракет. Аднак Польшча і Чэхія імкнуцца атрымаць такога роду абарону на ўласнай зямлі. Яны ўсё яшчэ памятаюць пра часы кабалы за “жалезнай заслонай”, хоць прайшло ўжо 16 гадоў з тых часоў, як апошні савецкі салдат пакінуў іх межы. Для іх ЗША гэта гарант бяспекі, а Расея – па-ранейшаму мясцовы граміла. Той шантаж, з якім Расея ў мінулую зіму выступіла супраць шэрагу саманадзейных усходнееўрапейскіх краін, спыніўшы падачу ім энергарэсурсаў, яшчэ свежы ў памяці.
Ракетны шчыт прызначаны для абароны Еўропы ад краін–ізгояў. Пагроза можа зыходзіць ад Ірана, а таксама і з іншых месцаў. Але амерыканцы ясна даюць зразумець, што не лічаць, быццам такая пагроза можа зыходзіць з боку Расеі. Гэты не пачатак новай “халоднай вайны” – хоць магчыма, што Пуцін думае інакш.