Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мілінкевіч: Лукашэнка змяняе асяродак для забеспячэння стабільнасці сваёй улады 12:48, 08/06/2007
Адстаўка старшыні Менскага аблвыканкама гаворыць пра тое, што Аляксандр Лукашэнка дзеля ўтрымання ўлады ў сваіх руках задумаў чарговую змену найбліжэйшага асяродку. Такое меркаванне выказаў у інтэрв`ю АФН экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч, каментуючы адстаўку Дамашкевіча.
“Лукашэнка для забеспячэння стабільнасці сваёй улады ўвесь час змяняе свой найбліжэйшы і асабісты асяродак. Учора ён вызваліў ад занятай пасады кіраўніка Менаблвыканкама, некалі блізкага свайго паплечніка, Мікалая Дамашкевіча, заўтра ўжо можа звольніць старшыню КДБ Сцяпана Сухарэнку”, – заявіў палітык.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што ў дадзеным выпадку Дамашкевіча не выратавалі і тыя высокія пасады, якія ён займаў да таго, як быў прызначаны губернатарам Менскай вобласці.
“Пасля абрання А.Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта краіны Мікалай Дамашкевіч працаваў у яго начальнікам службы кантролю, а пазней быў старшынёй Камітэта дзяржкантролю. Добра, калі ўсё скончыцца толькі адстаўкай з такой высокай пасады, а не, напрыклад, арыштам або судом як у выпадку з Галінай Жураўковай і іншымі высокімі службоўцамі”, – не выключыў А.Мілінкевіч.