Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Польскае ваяводства бароніць Гародню 17:19, 08/06/2007
Ваявода польскага ваяводзтва Ніжняя Сілезія са сталіцай ва Ўроцлаве заявіў сёньня, што накіроўвае зварот у польскі ўрад, Эўразьвяз і ЮНЭСКА з заклікам стварыць адмысловую міжнародную камісію ў справе захаваньня гістарычнага цэнтру Гародні, паведамляе “Радыё Свабода”
Ваявода Кшыштаф Гжэльчык у часе адмыслова скліканай прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што паінфармаваць міжнародную супольнасьць у справе падзеяў вакол гарадзенскага старога гораду яго папрасіў Аляксандар Мілінкевіч:
“Спадар Мілінкевіч прасіў зацікавіць гэтай справай польскі ўрад, але перадусім адпаведныя міжнародныя арганізацыі, і мы гэта робім – знаёмім з сытуацыяй міністра культуры Польшчы, кіраўніцтва Эўразьвязу праз нашых дэпутатаў Эўрапарлямэнту, а таксама ЮНЭСКА. Гарадзенскія помнікі - гэта спадчына ня толькі беларускай, але і ўсясьветнай культуры. Спадзяюся, мясцовыя ўлады Гародні зьменяць свой падыход да іх”.
У прэсавай канфэрэнцыі ўзяў удзел кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Адам Ліпіньскі, які падкрэсьліў, што польскі ўрад працягвае ажыцьцяўляць “комплексную палітыку ў дачыненьні да Беларусі”:
“Беларусь - гэта краіна, у якой цалкам дамінуе палітычны падыход. Адны заклікі да мясцовых уладаў нічога б не далі. Таму мы застаемся прыхільнікамі комплекснага падыходу – гэта стварэньне радыё для Беларусі, тэлебачаньня, стыпэндыяльная праграма. Усё гэта дапаможа ўзмацніць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі”.
Уроцлаў мае дамову аб партнэрстве з Гародняй, але ўсе афіцыйныя дачыненьні ў межах гэтага дакумэнту былі прыпыненыя польскім бокам пасьля таго, як ад улады ў Саюзе палякаў Беларусі было адсунутае кіраўніцтва на чале з Анжалікай Борыс.