Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі фільм атрымаў галоўны прыз фэстывалю ў Кракаве 15:13, 11/06/2007
Беларуская рэжысэрка Галіна Адамовіч на прэстыжным кінафэстывалі ў Кракаве атрымала “Срэбнага цмока” – узнагароду за лепшы дакумэнтальны фільм. Фільм “Завядзёнка” расказвае пра жыцьцё сям’і калгаснага брыгадзіра ў сучаснай беларускай вёсцы на Століншчыне.
У катэгорыі кароткамэтражных фільмаў за галоўную ўзнагароду ў Кракаве змагаліся 46 стужак, сярод іх стваральнікаў – шэраг выбітных рэжысэраў з усяго сьвету. Галіна Адамовіч, нягледзячы на тое, што яе фільмы ўжо атрымлівалі ўзнагароды на фэстывалях у Чэхіі, Расеі, Польшчы, не верыла, што можа перамагчы:
“Людзей турбуюць аднолькавыя рэчы ва ўсім сьвеце: сэнс жыцьця, страх сьмерці, радасьць ад нараджэньня дзіцяці і гэтак далей. Гэта ўнівэрсальныя рэчы, і калі яны паказаныя праўдзіва, дык гэта кранае ўсіх”, – гэтак спадарыня Адамовіч адказала на пытаньне “Радыё Свабода”, чым яе фільм уразіў журы.
Рэжысэрка ня згодная зь меркаваньнямі шэрагу крытыкаў, што Беларусь –краіна, якую як сьлед і дакумэнталісты не зьнялі.
“Ёсьць шмат фільмаў. Іншая справа, што іх няма дзе паглядзець. Няма ў нас на тэлебачаньні такой праграмы, як, напрыклад, на расейскім канале “Культура” пра дакумэнтальнае кіно. Так што нават тыя, хто хацеў бы паглядзець беларускае дакумэнтальнае кіно, ня маюць такой магчымасьці”, -- паведаміла суразмоўца.
Паводле Галіны Адамовіч, яе фільм – расповяд пра штодзённае жыцьцё шматдзетнай вясковай сям’і з працай у калгасе і парніках з агуркамі, адпачынкам і малітвай па-рознаму ўспрымаецца ў Беларусі і ў тым жа Кракаве.
“У Беларусі мне казалі, што гэта такі вось пэсымістычны фільм, які нейкую сумную Беларусь паказвае, а ў Кракаве, наадварот, кажуць, што гэты фільм – вясёлы!”, -- адзначыла Галіна Адамовіч.