Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Загадка чырвонага сфінкса 15:54, 18/06/2007, Уладзімір Халіп
Археолагі ведалі, што ў лесе за Гомелем незвычайна цвітуць пралескі. Іх паляны не размытыя, як у іншых мясцінах, а выразна, амаль пад лінейку, акрэсленыя. Нібы вялізныя сінія капэрты нехта раскідаў па лесе. Першыя спробы раскопак пацвердзілі: гэта масавыя пахаванні. Жыхары навакольных вёсак сведчылі, што ў тым лесе перад вайной людзей расстрэльвалі чакісты. І гільзы ад нагана, знойдзеныя на тым месцы, былі доказам не апошнім. Выходзілі на свет яшчэ адны Курапаты. Але рэжыму, у падмурку якога ўсё той жа чакізм, навошта яны?
І з’явіўся ў лесе 52-гі спецбатальён. Археолагаў адтуль, вядома ж, папрасілі. Не паспелі яшчэ вайскоўцы ачапіць тую тэрыторыю, як ужо ўзнікла і версія афіцыйная – у сорак першым тут расстрэльвалі немцы. Магчыма ваеннапалонных. Або мірных жыхароў. А можа, апалчэнцаў. Напэўна, і спецбатальён усё даследваць здольны грунтоўна. І ўсё ж гэта – батальён. Тым больш - “спец”. Кожны, хто служыў у войску, не мог не бачыць каля сваёй казармы фанерны шматтыражны шчыт: “Приказ начальника – закон для подчиненных”.
А начальніку навошта яшчэ адны Курапаты? Дзяржаўная пральная машына каторы год працуе бесперапынна, спрабуючы адмыць ад крыві слаўныя чакісцкія мундзіры. Ды не расстрэльвалі яны нікога ў Віленскай турме. Не знішчалі калону зэкаў у Чэрвені. І гэта хлусня, што ў Курапатах лютавалі чакісты. Гэта ўсё тыя ж немцы звозілі сюды габрэяў Еўропы.
Нікога не чуюць. Нічога не хочуць ведаць. Усе архівы – на замку. І можна было б жыць спакойна, каб не гэтыя недарэчныя нечаканасці. Год сёлета – 2007. І пераклікаецца з ім не толькі слаўны 1917, але і 1937. Юбілей?... І ўжо нейкі там грамадскі Аргкамітэт па ўшанаванні памяці сталінскіх ахвяр грукае ў дзверы: каб не згубіліся назаўжды, адзначце хаця б месцы масавых расстрэлаў! Але савецкага чакіста на кабыле не аб’едзеш. КДБ адказаў коратка і ясна: “В КГБ отсутствуют документальные данные о конкретных местах захоронений жертв репрессий и установить их в настоящее время не представляется возможным”.
Якое цудоўнае гэта “настоящее время”! Нават немцы не спатрэбіліся. “Не представляется возможным”. І ўсё, кропка. Аднойчы і назаўсёды. Гэта ж колькі гадоў б’юцца даследчыкі і ўсе тыя, хто не страціў сумлення, над жудаснай загадкай: навошта, дзеля якой пачварнай мэты, знішчылі яны мільёны ні ў чым не вінаватых людзей? Нельга ж усур’ёз браць пад увагу сталінскае глупства наконт абвастрэння класавай барацьбы па меры няўхільнага набліжэння да камунізму. Які камунізм?.. Якія там класы ў замардаванай, бяспраўнай краіне, дзе ўсе, ад маршала да апошняга калгасніка, набылі абсалютную роўнасць у чаканні начнога груку ў дзверы... Але марныя ўсе намаганні. Нават калі адчыняцца сакрэтныя архівы, наўрад ці разгадаюць самыя дасведчаныя навукоўцы гэту загадку чырвонага сфінкса. Бо хутчэй за ўсё няма яе і не было.
Часам здараецца так, што халуйскае атачэнне пачынае лічыць сябе вышэйшай уладай. І тады гора тым, хто можа сказаць, што кароль голы. А сказаць гэта можа толькі самая дастойная частка грамадства. Гэта няпраўда, што савецкі рэжым змятаў усіх без разбору. Якая адмысловая, вытанчаная была селекцыя! Незалежна ад сацыяльнага статусу, выбіралі самых лепшых, здольных, сумленных. Знішчалі цвет нацыі.
Кажуць, на допыце пісьменніку Сяргею Грахоўскаму, страціўшы цярпенне, следчы выкрыкнуў шчыра: “Здай пяцёх разумных, і ты – вольны! Быдла не трэба. Здай разумных!”
Кожнай вясной прырода настойліва рассылае жывым поўныя пралесак лісты. Толькі ў краіне глухіх да адрасата яны не даходзяць.