Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групе па зборы подпісаў за занясенне ў парламент праекту змен у Працоўны кодэкс, якія адмяняюць прымусовыя кантракты. Такое рашэнне прынятае 26 чэрвеня па выніках разгляду заканадаўчай ініцыятывы.
Падставай для адмовы стала адмоўнае заключэнне Міністэрства юстыцыі на падрыхтаваны ініцыятыўнай групай законапраект. На думку службоўцаў, ён не адказвае патрабаванням закона «Аб нарматыўна-прававых актах». Акрамя таго, падчас праверак Цэнтрвыбаркамам было высветленае, што з 500 сябраў ініцыятыўнай групы пяцёра не давалі сваёй згоды на ўключэнне ў яе склад.
Кіраўнік групы, сустаршыня рэспубліканскага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч у інтэрв`ю «Белорусскому партизану» сказаў, што не здзіўлены рашэннем Цэнтрвыбаркама, бо ў Беларусі яшчэ не было выпадку, каб грамадзяне скарысталіся сваім канстытуцыйным правам заканадаўчай ініцыятывы. Сённяшняе паседжанне, па яго словах, прадэманстравала, што гэтае права «існуе толькі на паперы». Цяпер арганізатары вырашылі ўзяць тыднёвую паўзу, каб падумаць, ці варта абскардзіць рашэнне ЦВК у судовым парадку.
Як ужо паведамляў «Белорусский партизан», сябры ініцыятыўнай групы прапаноўвалі заканадаўча замацаваць у Працоўным кодэксе норму, якая будзе абавязваць наймальнікаў складаць кантракты толькі з катэгорыяй працаўнікоў, якія адносяцца да службовых асоб. Астатнія ж працаўнікі не павінны быць звязаныя кароткатэрміновымі кантрактамі. На думку арганізатараў ініцыятыўнай групы, наяўная ў Беларусі кантрактная сістэма не адказвае міжнародным стандартам і выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для прыгнечання іншадумства.