Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Еўракамісія вынесе рэкамендацыі беларускаму ўраду 11:08, 26/06/2007
Еўракамісія прадставіць беларускаму ўраду свае рэкамендацыі па развіцці малога і сярэдняга бізнэсу ў краіне і здыманню адміністрацыйных бар`ераў. Прапановы ЕЗ будуць выпрацаваныя на падставе дакладаў, агучаных беларускім бокам на міжнароднай канферэнцыі «Ліквідаванне бар`ераў у развіцці прадпрымальніцтва: магчымая палітыка», якая завяршылася на мінулым тыдні ў Жэневе і падчас якой абмяркоўваліся пытанні развіцця прыватнага бізнэсу, у тым ліку ў пераходных эканоміках.
Сваё бачанне сітуацыі ў Беларусі выказалі намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, прадстаўнікі беларускай бізнэс-супольнасці, а таксама Таццяна Быкава, беларускі эксперт Праграмы развіцця Арганізацыі Аб`яднаных Нацый, пад эгідай якой праходзіла канферэнцыя. У аснову праграмы працы канферэнцыі быў пакладзены досвед Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця і Сусветнага банка. Мяркуецца, што рэкамендацыі Еўракамісіі паступяць у беларускае прадстаўніцтва ААН ужо ў канцы гэтага тыдня, паведамляе «БДГ».
Як чакаюць эксперты, гэтыя рэкамендацыі будуць дакранацца паляпшэння дзелавога асяроддзя, у тым ліку спрашчэння адміністрацыйных працэдур для вядзення бізнэсу, аптымізацыі падатковай нагрузкі, а таксама інтэрнацыяналізацыі малога і сярэдняга бізнэсу, процідзеянні карупцыі, стварэння вытворчых кластараў, падвышэння кваліфікацыі кіраўнікоў, спрашчэння доступу да крыніц фінансавання. Акрамя таго, мяркуе Т.Быкава, прапановы Еўракамісіі будуць зводзіцца да неабходнасці актывізацыі дыялогу паміж бізнэсам і ўладай.