Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сакрэтны даклад ЦРУ: Іосіф Сталін мог быць забіты 09:52, 26/06/2007
ЦРУ ЗША рассакрэціла справаздачу аб смерці савецкага дыктатара Іосіфа Сталіна, якая была напісаная ўлетку 1953 года, паведамляе NEWSru.com са спасылкай на АР. Амерыканскія выведнікі не здолелі вызначыць прычыны смерці Сталіна, бо "сістэма кантролю над інфармацыяй у СССР не дазваляла нікому ведаць дэталі".
Больш за тое, адмыслоўцы ЦРУ лічаць, што Іосіф Сталін мог быць забіты. На думку амерыканскіх выведнікаў, савецкі дыктатар мог памерці за некалькі дзён да афіцыйнай аб`явы пра яго смерць. "Невядома, ці быў ён забіты або памёр так, як пра гэта паведамлялася ў афіцыйных дакументах", – гаворыцца ў дакладзе ЦРУ.
Даследнікі таксама робяць выснову, што Сталіна народ любіў і ён карыстаўся павагай, нягледзячы на тое, што быў асабіста адказны за масавы тэрор 1930-ых гадоў. "Гэта было звязанае з тым, што Іосіф Сталін абагаўляўся савецкай прапагандай, і ніхто не адважваўся сумнявацца ў яго рашэннях: ён жа не мог памыляцца", – гаворыцца ў дакладзе ЦРУ.
Дакумент ЦРУ пакуль не атрымаў ацэнкі ад сур`ёзных навукоўцаў, аднак вядома, што гаворка ў ім ідзе ў асноўным пра рэакцыі вышэйшага кіраўніцтва СССР на смерць "правадыра" і пра прычыны папулярнасці Сталіна ў народзе.
Іосіф Сталін памёр 5 сакавіка 1953 года ад кровазліцця ў мозг. Існуе версія, паводле якой Лаўрэнцій Берыя або Мікіта Хрушчоў спрыялі яго смерці, не аказаўшы дапамогі, піша Wikipedia.
На пахаваннях Сталіна 9 сакавіка 1953 года з прычыны вялізнай колькасці людзей, якія жадалі развітацца з "правадыром", узнікла ціскатня. Дакладная колькасць ахвяр дагэтуль невядомая, хоць ацэньваецца як значная. У прыватнасці, вядома, што адна з неапазнаных ахвяр ціскатні атрымала нумар 1422, а нумарацыя вялася толькі для тых загінуўшых, якіх нельга было апазнаць без дапамогі сваякоў або сяброў.
Набальзамаванае цела Сталіна было змешчанае на ўсеагульны агляд у Маўзалей Леніна, які ў 1953–1961 гады меў назву "Маўзалей Леніна і Сталіна". 30 кастрычніка 1961 года XXII з`езд КПСС пастанавіў, што "сур`ёзныя парушэнні Сталінам ленінскіх запаветаў робяць немагчымым пакіданне труны з яго целам у Маўзалею". У ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада 1961 года цела Сталіна было вынесенае з Маўзалею і пахаванае ў магіле ля Крамлёўскай сцяны.