Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Акцыі БРСМ праходзяць без дазволу ўладаў 16:33, 27/06/2007
Гомельская абласная пракуратура сьцьвярждае, што мітынг Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі праводзіўся без адпаведнага дазволу гарвыканкаму. Такі адказ атрымаў жыхар Гомеля Сяргей Сямёнаў, які месяц таму зьвярнуўся ў праваахоўныя органы. Малады актывіст спрабаваў высьветліць, на якой падставе гарадзкія ўлады дазволілі сябрам БРСМ зладзіць мітынг супраць пераносу помніка савецкаму воіну ў Таліне.
Нагадаем, што на пачатку траўня каля сярэдняй школы №2 г.Гомеля адбыўся мітынг, на якім бээрэсэмаўцы пратэставалі супраць пераносу помніка савецкаму воіну ў эстонскай сталіцы. Тады кіраўнік аддзела па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Ўладзімер Прывалаў пацьвердзіў, што адным з арганізатараў мерапрыемства выступіла гарадзкая філія моладзевай арганізацыі БРСМ, паведамляе моладзевы цэнтр “Гарт”.
Аднак, згодна рашэньню гарвыканкама ад 11.04.2006г. № 318 параграф 1 “Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у горадзе Гомелі”, для правядзеньня мітынгаў прадугледжаная толькі пляцоўка каля Дома культуры глуханямых. Сярэдняя ж школа №2 знаходзіцца ў іншым раёне горада.
Сяргей Сямёнаў лічыць, што сваім адказам пракуратура дае падставы для прыцягненьня да адміністратыўнай адказнасьці арганізатараў мітынгу - чальцоў БРСМ.
І яшчэ адзін факт. З пачатку бягучага года дэмакратычныя арганізацыі Гомеля не атрымалі ніводнага дазволу ад мясцовых уладаў на правядзеньне пікетаў і мітынгаў.