Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пра што размаўлялі Наталля Пяткевіч і Аляксандр Ярашук 10:23, 28/06/2007
18 траўня адбылася сустрэча намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч і лідэра Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука. Ва ўмовах дэфіцыту стасункаў лідэраў апазіцыі і дзяржаўных службоўцаў высокага ўзроўню такія рэчы выклікаюць безумоўную цікавасць. “Хачу адразу адзначыць, што да ініцыятывы гэтай сустрэчы, якая зыходзіла з уладнага боку і, зразумела, была там узгодненая на ўсіх узроўнях, я паставіўся станоўча. Трэба размаўляць, трэба спрабаваць дамаўляцца. А у тым, што ўлада, якая яшчэ нядаўна напышліва адпрэчвала любыя перамовы, сёння сама шукае кантакты, ёсць сімптом чагосьці новага ў нашых стасунках”, – распавёў Аляксандр Ярашук газеце “Товарищ”.
Па словах прафсаюзнага лідэра, сустрэча сапраўды адбылася 18 траўня. “Тэма гутаркі таксама не сакрэт. Хоць і меркавалася, што гутарка будзе канфідэнцыйнай, я адразу сказаў, што абавязаны буду паставіць у вядомасць сваіх калегаў па арганізацыі. Яны павінны мець поўнае ўяўленне пра тое, што адбываецца напярэдадні магчымага прыняцця рашэнняў аб здыманні прэферэнцый”, – адзначыў Ярашук.
Па словах актывіста, гутарку пачала яго ініцыятарка спадарыня Пяткевіч і адразу сканцэнтравалася на законапраекце аб прафсаюзах, як практычным выкананні часткі рэкамендацый МАП.
“Зразумела, я яе выслухаў, але з такой пастаноўкай пытання не пагадзіўся ў прынцыпе. Бо стварэнне гэтага законапраекта ніякага дачынення да выканання рэкамендацый не мае. Ніхто ніколі не ставіў пад сумнеў дзейны сёння Закон як цалкам якасны і дэмакратычны. Гаворка ішла пра поўную або частковую адмену прынятага ў 1999 годзе Дэкрэту прэзідэнта, які ўводзіў дазваленчы прынцып дзейнасці прафсаюзаў як і іншых грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Што ставіла іх пад жорсткі дзяржаўны кантроль. Уласна кажучы, прыманне гэтага дэкрэту і стварыла сітуацыю, у якой сёння апынулася Беларусь. А прапанаваны законапраект значна пагаршае становішча прафсаюзаў…
Я проста сказаў спадарыні Пяткевіч, што не маю намеру абмяркоўваць гэты Закон. І калі ўжо мы з вашай ініцыятывы сустрэліся, то давайце размаўляць пра рэчы сапраўды важныя. Бо гэтае форменная агіднасць: над краінай вісіць дамоклаў меч пазбаўлення велічэзных асігнаванняў выключна з прычыны парушэння правоў прафсаюзаў. А на прадпрыемствах па-ранейшаму не толькі парушаюць правы, але і знішчаюць нашы прафсаюзныя арганізацыі. У тым ліку, скажам, гэта робіць кіраўніцтва “Гродноазот”. Лічыць, што яно самавольнічае ніяк не выходзіць. І каб спыніць беззаконне дастаткова аднаго тэлефоннага званка. Вы бачылі ў Беларусі кіраўніка, які насуперак указанням Адміністрацыі прэзідэнта стане гнуць сваю лінію? Я сказаў, што такія паводзіны кіраўнікоў прадпрыемстваў – адкрытая правакацыя. Але спадарыня Пяткевіч заявіла: “А вы не дапускаеце, што людзі добраахвотна выйшлі з вашай арганізацыі?”. Гэта была нават не наіўнасць, гэта было нешта іншае. Тады я сказаў: “Спадарыня Пяткевіч, тады нам няма пра што размаўляць, я проста паднімаюся і сыходжу…”. Зрэшты, гутарка працягнулася. У яе ходзе я змушаны быў сказаць, што не веру ў выкананне рэкамендацый МАП кіраўніцтвам Беларусі. Бо гаворка ідзе пра дэмакратызацыю не толькі прафсаюзнай дзейнасці, але і ўсёй палітычнай сістэмы краіны. “Мы маем намер гэта рабіць, – сказала Пяткевіч. – Але толькі крок за крокам. Таму што калі адпусціць адразу ўсё, то пачнецца хаос…Давайце дзейнічаць разам…”.
Наконт “разам” ёсць шмат пытанняў. Бо гэта не я і не мае калегі з апазіцыі прывялі краіну ў палітычны тупік. Але для выгоды краіны і я, і мае калегі гатовыя падстаўляць плячо.
Ёсць пра што размаўляць, ёсць пра што дамаўляцца. Ва ўсякім разе, гутарка з спадарыняй Пяткевіч была цікавая і карысная. Спадзяюся, што для абаіх бакоў”, – адзначыў Аляксандр Ярашук.