Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Алена Ракава: Усім давядзецца зацягнуць паясы 10:59, 28/06/2007
Гэтымі днямі Аляксандр Лукашэнка зноў казаў пра неабходнасць павелічэння эфектыўнасці дзяржаўнай падтрымкі і неабходнасці яе скарачэння. З гэтай мэтай рыхтуюцца нарматыўныя акты, якія, на думку кіраўніцтва краіны, павінны падвысіць аддачу ад укладзеных дзяржаўных сродкаў, павялічыць эфектыўнасць дзяржаўных прадпрыемстваў. Сярод іх – павелічэнне тэрміна санацыі прадпрыемстваў з 2,5 да 6 гадоў. Чаму меры па падвышэнні эфектыўнасці прадпрыемстваў і дзяржаўных субсідый раз ад разу не даюць чаканага выніку, і як намеры падвысіць эфектыўнасць дзяржаўных укладанняў у прадпрыемствы спалучаюцца з планамі павялічыць тэрмін санацыі?
“Наша кіраўніцтва верыць у эфектыўнасць дзяржаўнай формы ўласнасці. І яно лічыць, што адміністрацыйнымі метадамі, прызначэннем правільных службоўцаў, дадатковымі нарматыўнымі актамі, якія змяшчаюць дадатковыя пакаранні, можна дасягнуць жаданага выніку. Пры гэтым лічыцца, што жорсткі кантроль здольны ператварыць нерэнтабельныя прадпрыемствы ў эфектыўныя”, – каментуе дзеянні ўлад інтэрнэт-рэсурсу “Наше мнение” вядомая эканамістка Алена Ракава.
На думку эканаміста, павелічэнне тэрміна санацыі дазваляе ўладам адтэрмінаваць юрыдычнае банкруцтва прадпрыемстваў. “Падаўжэнне тэрміна санацыі да шасці гадоў азначае толькі тое, што яшчэ цягам шасці гадоў дзяржава будзе спансаваць стратныя прадпрыемствы. Таму што калі прадпрыемства апынулася банкрутам, то нават правядзенне санацыі патрабуе з`яўлення новага ўласніка, які і правядзе антыкрызісны мэнэджмент”, – лічыць эксперт.
“Дзяржава перастае быць “сацыяльна арыентаванай”, усім давядзецца зацягнуць паясы, бо грошай на куплю электарату становіцца ўсё менш, яны ўсё больш пераразмяркоўваюцца на карысць забеспячэння лаяльнасці эліт. Адпаведна будуць скарачацца і ільготы для прадпрыемстваў – у надзеі на тое, што яны неяк выжывуць у рэжыме эканоміі”, – мяркуе Алена Ракава.