Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Забарона чыноўнікам даваць каментары прэсе супярэчыць Канстытуцыі 16:04, 28/06/2007
Прыняцце “палатай прадстаўнікоў” праекта Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўнай службы” каментуе намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец:
“На мой погляд, унясенне паправак у закон "Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь", якое абмяжоўвае права дзяржслужбоўцаў выступаць у СМІ, супярэчыць арт. 33 Канстытуцыі. У адпаведнасці з ім, кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніякіх выключэнняў з гэтага канстытуцыйнага палажэння для дзяржслужбоўцаў няма.
Між тым, з каментароў дырэктара Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце вынікае, што мэтазгоднасць выступленняў і публікацый дзяржслужбоўцаў будзе вызначацца кіраўніком дзяржоргана альбо ўпаўнаважанай ім асобай. Гэта абгрунтоўваецца тым, што дзяржслужбоўцы, якія прадстаўляюць той альбо іншы орган, выказваюць часам меркаванні, што не супадаюць з афіцыйнай пазіцыяй гэтага органа. Тут мы бачым падмену паняццяў: чыноўнікі выказываюць менавіта сваё меркаванне, а не пункт гледжання структуры, у якой яны працуюць і прадстаўляць якую не ўпаўнаважаныя.
Па вялікім рахунку, мы бачым спробу замацаваць на заканадаўчым узроўні сумнавядомыя палажэнні ліста чыноўніка Саўміну Балажынскага. Нагадаю, што ў сакавіку 1998 г. міністэрствы і ведамствы атрымалі ліст за яго подпісам "Аб узмацненні контрпрапаганды выступленняў апазіцыйнай прэсы”. У лісце, у прыватнасці, утрымлівалася патрабаванне "давесці да ведама службовых асобаў аб недапушчальнасці з іх боку каментароў афіцыйных дакументаў для апазіцыйных СМІ". Як бачым, цяпер абмежаванне яшчэ больш жорсткае, паколькі тычыцца не толькі так званых "апазіцыйных", але і дзяржаўных СМІ.
Заўважу, што, у адпаведнасці з арт. 48 закона "Аб друку і іншых СМІ", абмежаванне кантактаў з журналістам і перадачы яму інфармацыі - за выключэннем звестак, што ўяўляюць з сябе дзяржаўную, камерцыйную альбо іншую спецыяльна ахоўваную законам таямніцу - прызнаецца замахам на свабоду масавай інфармацыі”.