Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 2930  




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Адарваны гузік
13:18, 29/06/2007, Сяргей Законнікаў, спецыяльна для сайту Хартыі’97

Асмеліўся выйсці да шаноўнай публікі не таму, што жадаю нейкай славы або хочацца выгаварыцца. Што тычыцца вядомасці, то цану ёй ведаю, і на гэтым можна паставіць кропку. У катастрафічна балбатлівым свеце да мяне ўсё часцей прыходзіць жаданне памаўчаць, засяродзіцца толькі на паэтычных радках. Але рэчаіснасць даймае. Ад яе нікуды не дзецца.

Глядзіш навокал, і пад лязом позірку нараджаюцца, выплываюць, як габлюшкі з-пад фуганка, думкі, няспынна віюцца і віюцца. Ім бы пахнуць жывіцаю, здаровым духам, як тым, што са смалістага дрэва, -- сасновым, яловым. Ды не атрымліваецца. Жыццё падкідае для асэнсавання не той матэрыял.

Успомніўся нават фрывольны беларускі анекдот, у якім бацька раіць нашчадку: “Габлюй, габлюй, сынку. Можа, нешта і атрымаецца”. На тым запеўка скончана, а пачынаецца жыццё…

Ехаў я нядаўна на аўтобусе па цэнтральнай вуліцы Мінска, дзе стаяць прэстыжныя дамы. На прыпынку ў салон зайшоў паўнаваты, рэспектабельны мужчына гадоў пад пяцьдзесят. Нашае родненькае аблічча: вочы блакітныя, нос бульбінкай, русявы. Валасы ўмела прычасаныя, набрыяліненыя, сівыя вусы акуратна пастрыжаныя. І апрануты ён быў з іголачкі -- імпартныя чорныя штаны, модная папружка, асляпляльна белая сарочка. На нагах -- ці не са скуры алігатара? -- прыгожыя чаравікі. У руцэ фацэт трымаў шыкоўны партфель.

У аўтобусе было душнавата. Мужчына палез у заднюю кішэньку па насоўку. І тут адбылася маленькая непрыемнасць. Пад напорам яго ладнай далані адарваўся і пакаціўся гузік. Фацэт разгубіўся, забыўся нават выцерці ўзмакрэлы лоб, усё варочаў галавою, азіраўся, шукаў прапажу.

Я заўважыў месцазнаходжанне гузіка, а таму падняў яго, падышоў і падаў мужчыне са словамі: “Вазьміце, калі ласка. Рэч фірмовая. Такую ў нас не купіш”. Пачуўшы беларускую мову, той стаў яшчэ больш разгубленым, нават спалоханым. Ён няўцямна глядзеў то на гузік, то мне ў вочы і не спяшаўся забіраць сваю рэч. Якія думкі раіліся ў ягонай галаве, стала ясна, калі пачуў прамармытаную мужчынам сабе пад нос тыраду: “Достали… Повсюду националисты. А вроде бы седой, приличный человек…”

Аўтобус падышоў да чарговага прыпынку, спыніўся. Дзверцы расчыніліся. Мужчына, як апараны кіпнем, скочыў на тратуар. Быў гэта той прыпынак, які яму патрэбен, або не -- невядома.

А я паклаў злашчасны гузік на брыж ля кабіны вадзіцеля і праз пару прыпынкаў таксама пакінуў аўтобус. Ішоў і думаў: “Божа мой! Якім дурным страхам, якой сляпой нянавісцю да роднай мовы поўняцца душы нашых людзей, скалечаных уладнымі хлуснёю і гвалтам!”

Абвінавачванне ў нацыяналізме беларуса за тое, што ён размаўляе на роднай мове, -- гэта вынік татальнай русіфікацыі, ганебная спадчына мінулых гадоў. Здавалася б, у монацыянальнай, незалежнай дзяржаве такога ўжо быць не павінна. Тым больш, што з высокіх трыбун, у дзяржаўных СМІ без супынку ліюцца дыфірамбы народу, гаворыцца пра гонар быць беларусам. Але ж ці можна быць беларусам без беларускай мовы? Пытанне наколькі рытарычнае, настолькі і справядлівае, жыццёвае.

Ва ўсіх краінах СНД зараз ідзе адраджэнне роднай мовы. Таму што толькі на ёй ствараецца нацыянальная культура, без якой існаванне любога народа не мае сэнсу. А ў нас пад лозунгам “За незалежную Беларусь!” працягваецца наступ на беларускасць. Ды, зрэшты, пра якую незалежнасць можна гаварыць, калі большасць нашага грамадства карыстаецца чужой моваю? А таму мы -- залежныя! Ды яшчэ як!

Усе прапагандысцкія невуцкія казкі пра чужую моўную практыку грунту пад сабой не маюць. Ні ў двухмоўнай Бельгіі, ні ў чатырохмоўнай Швейцарыі няма дыскрымінацыі ніводнай з дзеючых моў. Усе яны ў сваіх рэгіёнах свабодна жывуць і развіваюцца.

Упэўнены, што без адраджэння беларускай мовы нам не ўдасца стаць годным народам, пабудаваць сваю незалежную дзяржаву. Адлучаныя ад роднай гісторыі, мовы, культуры, мы, як той адарваны гузік, сіратліва застанемся гібець на ўзбочыне агульналюдскога шляху ў будучыню.

Сяргей Законнікаў – вядомы беларускі паэт


напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: