Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Камунальныя паслугі падаражэюць на 20 даляраў 11:44, 29/06/2007
Мінэканомікі Беларусі лічыць магчымым падвысіць у 2008 годзе аплату жыллёва-камунальных паслуг для насельніцтва на велічыню, блізкую да 20 даляраў у разліку на стандартную 2-х пакаёвую кватэру пры пражыванні ў ёй сям`і з трох чалавек, пры тым, што ў 2007 г прырост цэнаў быў абмежаваны сумай, эквівалентнай 5 далярам. Павелічэнне тэмпаў росту цэнаў на паслугі ЖКГ прадугледжанае праектам канцэпцыі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2008 г.
Па разліках Мінэканомікі, гэта дазволіць разгрузіць мясцовыя бюджэты і падтрымаць канкурэнтаздольнасць айчынных вытворцаў. «Разам з тым, трэба мець на ўвазе, што гэтае падвышэнне значна павялічыць узровень інфляцыі, які разлічаны на аснове індэксу спажывецкіх цэнаў, а значыць, паменшыць магчымасці росту цэнаў на іншыя тавары і паслугі», – адзначанае ў праекце.
Мінэканомікі аргументуе сваю пазіцыю тым, што тарыфы на энергію для насельніцтва Беларусі больш як у 2 разы ніжэйшыя, чым у сумежных краінах, а доля выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі па дачыненні да прыбыткаў насельніцтва з`яўляецца самай нізкай.
«Стрымліванне тарыфаў на гэтыя паслугі для насельніцтва вядзе да неабходнасці павялічваць датацыі з дзяржбюджэту і нарошчваць аб`ёмы крыжаванага субсідавання тарыфаў. Гэта зніжае канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў, для якіх тарыф на электраэнергію выйшаў на пачатку 2007 г на сярэднееўрапейскі ўзровень, перавысіўшы ўзровень краін Балтыі, Польшчы, Фінляндыі, Швецыі, Грэцыі, Францыі», – адзначаюць эксперты. Пры гэтым падвышэнне цэнаў на энерганосьбіты ў 2007 г практычна цалкам легла на рэальны сектар эканомікі і толькі менш як 10% падвышэння цэнаў кампенсуе насельніцтва, паведамляе BelSwissBank.