Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка – Чавесу: «Не палохай амерыканцаў» 17:30, 29/06/2007
Беларусь і Венесуэла маюць намер актыўна супрацоўнічаць у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і ваенна-тэхнічнай сферах. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з лідэрам Венесуэлы Уга Чавесам, якая прайшла ў вузкім складзе. Беларускі кіраўнік таксама заявіў, што погляды Беларусі і Венесуэлы на светабудову, міжнародныя праблемы "абсалютна ідэнтычныя".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўжо сёння маюцца пэўныя вынікі па пытаннях здабычы нафты, пастаўцы ў Венесуэлу беларускіх калійных угнаенняў, кар`ерных самазвалаў, грузавых аўтамабіляў, трактароў, здзяйсняюцца праекты ў галіне сейсмавыведкі і сейсматэхнікі, газіфікацыі, прамысловасці, архітэктуры і будаўніцтва, сельскай гаспадаркі і харчавання. Па словах кіраўніка, гэтыя праекты "ідуць шырокім фронтам, і мы гэтага дасягнулі ўсяго за год, пачынаючы практычна з нуля
Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес у сваю чаргу высока ацаніў эфектыўнасць сумесных з Беларуссю праектаў у сферы нафтаздабычы.
Уга Чавес лічыць, што знешнія супернікі перашкаджаюць развіццю венесуэльска-беларускіх стасункаў.
"У нас шмат перашкод і супернікаў, у першую чаргу – гэта імперыя, якая называе нас дыктатарамі", – заявіў У.Чавес. "Мы прывезлі з сабою наша цяпло і салідарнасць з Беларуссю, гэта частка нашай уласнай годнасці".
Чавес сказаў, што "ў свеце мала такіх народаў як Беларусь, на якія так ціснуць".
Прэзідэнт Венесуэлы павіншаваў А.Лукашэнку з тым, што ён знаходзіцца "на чале гэтага народа. Я віншую цябе, што ты вядзеш яго (народ - ІФ) з годнасцю". У.Чавес канстатаваў поспехі ў рэалізацыі двухбаковых дамоўленасцяў. У сувязі з гэтым ён сказаў: "Калі нам так шмат атрымалася зрабіць менш як за год, то колькі можна будзе зрабіць за дваццаць гадоў, якія мы будзем ва ўладзе". На што А.Лукашэнка заявіў, звяртаючыся да У.Чавеса: "Не палохай амерыканцаў".