Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Новы ўказ не дапаможа прадпрымальнікам 09:51, 29/06/2007
Нягледзячы на заявы афіцыйных асоб, указ прэзідэнта № 302, якім зацверджанае Палажэнне аб парадку стварэння індывідуальным прадпрымальнікам прыватнага ўнітарнага прадпрыемства і яго дзейнасці, ніякім чынам не палегчыць становішча ІП, лічыць актывіст прадпрымальніцкага руху юрыст Сяргей Балыкін.
Каментуючы на просьбу БелаПАН прынятае рашэнне, С.Балыкін звярнуў увагу на тое, што нарматыўны акт утрымлівае вялікую колькасць недакладнасцяў і супярэчнасцяў. "Напрыклад, адзін з пунктаў абвяшчае, што для рэгістрацыі ўнітарнага прадпрыемства (УП) неабходна прадставіць статут і дзве яго натарыяльна завераныя копіі. У той час як дзейнае заканадаўства прадугледжвае, што для рэгістрацыі юрыдычнай асобы неабходна прадставіць два асобнікі натарыяльна заверанага статуту. Такіх прыкладаў можна прывесці шмат. І гэта сведчыць пра неакуратнасць пры падрыхтоўцы гэткага важнага дакумента", – канстатаваў С.Балыкін.
Застаецца нявырашаным, па яго словах, і пытанне з месцам знаходжання ўнітарнага прадпрыемства: "Так, з аднаго боку, палажэнне прадугледжвае магчымасць рэгістрацыі УП па дамашнім адрасе ўласніка яго маёмасці. З другога – у дакуменце нічога не сказанае пра выплату камунальных плацяжоў. Палажэнне адсылае ў гэтым пытанні да нарматыўных актаў Саўміна, якія сёння прадугледжваюць шматразовае павелічэнне камунальных плацяжоў за кватэру, па адрасе якой зарэгістраванае УП. Зразумела, урад можа занесці змены ў сваю пастанову, але пакуль гэта не зробленае".
Самым галоўным С.Балыкін называе тое, што "які б ні быў ільготны парадак рэгістрацыі юрыдычнай асобы, для большасці ІП атрыманне такога статусу азначае фактычную смерць бізнэсу". "Дзейнічаць у фармаце юрасобы здолеюць, мабыць, толькі ІП, якія займаюцца аказаннем паслуг, – мяркуе С.Балыкін. – Менавіта яны ў стане скарыстацца перавагамі ўказу № 119 аб спрошчаным парадку падаткаабкладання. Асноўная маса ІП займаецца рознічным гандлем. І здзяйсняць сваю дзейнасць, стварыўшы юрасобу, яны будуць не ў стане. Сёння такія ІП выплачваюць адзіны падатак і вызваленыя ад неабходнасці весці складаны ўлік, маюць шэраг іншых пераваг у параўнанні з юрасобамі. Пасля атрымання такога статусу, гэтыя ІП страцяць свае перавагі і не здолеюць канкураваць з буйнымі імпарцёрамі".
"Мне па-ранейшаму цалкам незразумела, чым выкліканая неабходнасць загнаць усіх ІП у юрасобы, бо ва ўсім свеце блізу 80% бізнэсаў юрыдычнымі асобамі не з`яўляюцца", – адзначыў С.Балыкін. Ён таксама нагадаў, што палажэнне прынятае ў мэтах рэалізацыі ўказу № 760 ад 29 снежня 2006 года, які фактычна забараняе з 1 студзеня 2008 года ІП выкарыстоўваць наёмную працу.