Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка просіць крэдыт, каб не праводзіць рэформы? 11:37, 04/07/2007
На перамовах з прэм`ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім 29 чэрвеня расейскі бок высунуў новыя ўмовы атрымання дзяржкрэдыту ад Расеі. Расея настойвае на тым, каб Беларусь змяніла бюджэтную палітыку так, каб гэты крэдыт быў апошнім, – Беларусь дагэтуль не пералічыла цану паставак газу "Газпромам" у бюджэце. Высветлілася, што запытаная беларускімі ўладамі сума вырасла з 1,5 мільярдаў да 2 мільярдаў даляраў. Пракаментаваць гэтую інфармацыю прэс-цэнтр Хартыі’97 папрасіў былога кіраўніка Нацыянальнага банка Беларусі Станіслава Багданкевіча.
“Кансервацыя камандна-адміністрацыйнай сістэмы ў эканоміцы патрабуе ўсё больш і больш грошай для свайго функцыянавання. Парадокс у тым, што ў нас няма патрэбы браць міждзяржаўны крэдыт для ліквідацыі дэфіцыту бюджэту, бо афіцыйна ў нас бюджэт прафіцытны, тым не менш, мы зведваем вялізныя цяжкасці ў эканоміцы, бо да крытычных велічынь вырасла велічыня адмоўнага сальда гандлёвага балансу з Расеяй”, – заявіў Станіслаў Багданкевіч.
Эканаміст лічыць, што дзяржава можа браць крэдыт толькі на кампенсаванне дэфіцыту бюджэту або на буйны інвестыцыйны праект, напрыклад будаўніцтва АЭС.
“Калі гаварыць пра дэфіцыт гандлёвага балансу, то гэтая сфера не дзяржавы, а рэальнай эканомікі. Яе праблемы не могуць вырашацца з дапамогай міждзяржаўнага крэдыту. Адмоўнае сальда выраўноўваецца тым, што дзяржава пачынае менш купляць і больш прадаваць, з прычыны дэвальвацыі нацыянальнай валюты, напрыклад”, – адзначае Багданкевіч.
На думку былога кіраўнікі Нацбанку, праблемы асобных заводаў, нафтаперапрацоўкі, падвышэнне цэнаў на нафту, на газ павінны вырашацца эканамічнымі метадамі. “Адміністрацыйнае ўтрыманне цэнаў для спажыўцоў і прыводзіць да каласальнага росту доўгу перад Расеяй. Для пэўных прадпрыемстваў неабходна прыцягненне замежных крэдытаў праз банкаўскую сістэму для рэалізацыі пэўных інвестыцыйных праектаў, якія абяцаюць прыбытак. Цяпер мабыць ідзе нейкая гульня на міждзяржаўным узроўні. Урад хоча захаваць за сабою флагманы беларускай эканомікі, нічога не рэфармуючы ў сістэме. Для гэтага, каб падтрымліваць эканоміку, і неабходны расейскі крэдыт”, – упэўнены эканаміст.
Багданкевіч лічыць, што сёння нашай дзяржаве трэба забяспечыць ільготны рэжым працы для малога і сярэдняга бізнэсу. Што тычыцца буйной вытворчасці, яе трэба паставіць у рынкавыя ўмовы, дзе заводы самастойна існавалі б за кошт сваёй выручкі і пакрывалі выдаткі з прыбытку. “Калі ў нейкага завода, ёсць праблемы, прадпрыемства магло б прадаваць частку сваіх акцый, браць крэдыт пад пэўны праект па мадэрнізацыі. Буйныя вытворчасці па нафтаперапрацоўцы, транспартоўцы газу могуць ствараць кансорцыумы, каб прадпрыемствам сумесна валодаў заходні і, скажам, расейскі капітал, аб`ядноўваючы пастаўшчыкоў і спажыўцоў”, – мяркуе эксперт.