|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Што прынясе Беларусі старшынства Партугаліі ў Эўразьвязе? 11:51, 04/07/2007 Ці паўплывае старшынства Партугаліі ў Эўразьвязе на стасункі зь Беларусьсю й якім чынам? У геаграфічным пляне Партугалія зьяўляецца найбольш аддаленай ад Беларусі краінай Эўропы, такой жа, мяркуецца, будзе й яе палітыка адносна афіцыйнага Менску. “Нашым прыярытэтам будзе пабудова стратэгічных адносінаў Эўразьвяз-Расея без даліваньня алею ў вагонь” – заявіў у суботу прэм’ер-міністар Партугаліі Хасэ Сакратэс. Паводле палітыка, Расея зьяўляецца вельмі важнай для Эўропы краінай, таму ён зробіць усё магчымае, каб наладзіць адносіны з усходнім суседам Эўразьвязу. Варта дадаць, што падобную мэту ставілі перад сабою Фінляндыя й Нямеччына, які кіравалі працамі Эўразьвязу на працягу апошняга году. Скончылася гэта аднак тым, што перамовы на лініі Масква – Брусэль увогуле былі заблякаваныя. Акрамя таго, Партугалія мае намер больш шчыльна супрацоўнічаць з Афрыкай ды вырашыць унутрыэўрапейскія праблемы. Як заўважаюць палітолягі, апошняе, відаць, і станецца галоўнай задачай наступных шасьці месяцаў прэзыдэнцтва Партугаліі ў Эўразьвязе. 23 ліпеня ў сталіцы краіны Лісабоне мае адбыцца саміт прэзыдэнтаў эўрапейскіх краінаў, падчас якога мае быць падрыхтаваны праект трактату ЭЗ, які, як чакаецца, распачне рэформы ў эўрасупольнасьці. Што датычыцца ўзаемадзеньня Партугаліі зь Беларусьсю, то пра гэта ані слова не прагучала падчас інаўгурацыйнай прамовы кіраўніцтва Партугаліі. Што наконт пазыцыі Партугаліі да Беларусі мяркуюць беларускія палітыкі? Гаворыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька. «Безумоўна, існуе занепакоенасьць адносна заангажаванасьці Партугаліі ў беларускае пытаньне. Пазыцыя Нямеччыны была аб’ектыўная й яна заўжды ставіла Беларусь ў парадак дня. Зараз гэта будзе складаней, але нам трэба разьлічваць не на таго, хто старшынствуе, а страцца ствараць “лякаматыў”, які пацягне Беларусь у Эўропу. Такім “лякаматывам” гатовыя быць Нямеччына, Летува й Польшча. Таму нам трэба працаваць кропкава з бліжэйшымі суседзямі. Натуральна, што ў Партугаліі іншыя прыярытэты й іншыя накірункі дзейнасьці, і гэта трэба браць пад увагу», -- заявіў палітык “Польскаму радыё”. 1 студзеня 2008 году павінна адбыцца пашырэньне Шэнгенскай візавай зоны на 8 новых краінаў Эўразьвязу. Дарэчы, Партугалія зьяўляецца вялікім прыхільнікам скасаваньня межаў у Эўропе й гэта - адна з мэтаў яе старшынства ў ЭЗ. Невядомая аднак ейная пазыцыя адносна зьмяншэньня коштаў шэнгенскай візы для грамадзянаў Беларусі, якія праз паўгоду павінны будуць заплаціць за яе ўжо 60 эўра. Вырашальнае слова ў гэтым пытаньні мае аднак былы старшыня ЭЗ – Нямеччына. Віктар Карняенка з руху “За Свабоду” мяркуе, што на працягу наступных шасьці месяцаў увага Эўразьвязу да Беларусі будзе памяншацца. У гэтым сэнсе шмат што залежыць ад беларускай апазыцыі – лічыць палітык. “У параўнаньні зь Нямеччынай, Партугалія ня мае адмыслоўцаў і спэцыялістаў па беларускім пытаньні, якіх мае Нямеччына. Напэўна гэта адаб’ецца на адносінах Беларусі й Эўразьвязу”, -- када Карняенка. Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў гаворыць, што прыняцьцё рашэньняў у Эўразьвязе не залежыць ад краіны-старшыні супольнасьці, таму пазыцыя Партугаліі альбо яе адсутнасьць адносна Беларусі не паўплывае на дачыненьні з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. “Вядома, зь нямецкімі палітыкамі беларуская апазыцыя сустракалася значна больш, але гэта, як мне падаецца, адбывалася на двухбаковай аснове. Большую вагу давала тое, што Ангела Мэркэль старшынявала ў ЭЗ. Але палітыка Эўропы вызначаецца не старшынём, а агульнымі меркаваньнямі. Думаю, што пераход кіраўніцтва да Партугаліі істотна нічога ня зьменіць. Яна можа прапаноўваць, але вырашаюць усе разам. Тым больш, што гэта будзе працягвацца толькі паўгоду, таму наўрад ці нешта прынцыпова зьменіцца”, -- лічыць экспэрт. У сувязі з адсутнасьцю дыпляматычнага прадстаўніцтва Партугаліі ў Беларусі, новага старшыню Эўразьвязу ў Менску будзе прадстаўляць Славакія.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|