Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мясніковіч падтрымаў «навуковыя» праекты Чавеса 09:43, 05/07/2007
НАНБ вітае імкненне Беларусі і Венесуэлы актывізаваць сумесную працу ў галіне біялагічных даследаванняў, інфармацыйных і геаінфармацыйных тэхналогій. Пра гэта заявіў 4 ліпеня ў Менску старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з дэлегацыяй навуковых колаў Венесуэлы.
"Мы ў Беларусі даволі дынамічна развіваем гэтыя кірункі, бо гэта праекты шостага тэхналагічнага ўкладу. Гэта вельмі актуальныя рэчы ва ўсіх сферах іх ужывання", – сказаў М.Мясніковіч.
Бакі, па яго словах, акрэслілі цэлы шэраг сумесных праектаў: "Гэта праекты ў галіне біятэхналогій, аграрным сектары, фармакалогіі; усё, што звязанае з хімічнымі і радыеактыўнымі забруджальнікамі прыроднага асяродка, уключна забруджванне глеб солямі цяжкіх металаў; праца над чысцінёй атмасферы. Гэта пэўныя праекты па падвышэнні ўстойлівасці пасеваў рысу, лесанасаджэнняў, бабовых культур і шматлікія іншыя".
Акрамя таго, паводле інфармацыі кіраўніка НАНБ, узгодненыя пазіцыі па ўзаемадзеянні ў сферы геаінфармацыйных тэхналогій.
"Я думаю, што мы разам з Дзяржкамітэтам па навуцы і тэхналогіям адпрацуем механізмы, звязаныя з фінансаваннем і арганізацыяй прац па гэтых і іншых праектах", – сказаў М.Мясніковіч, назваўшы Венесуэлу "стратэгічным партнёрам Беларусі".
"Мы вельмі рады, што паміж нашымі лідэрамі ўсталяваліся вельмі добрыя, даверныя асабістыя стасункі, - падкрэсліў кіраўнік НАНБ. - Гэта будзе спрыяць таму, каб і нашы справы вырашаліся паспяхова".
"Я упэўнены, што надалей будуць з`яўляцца новыя праекты і новыя ініцыятывы як з беларускага боку, так і з венесуэльскага", - сказаў старшыня прэзідыума НАНБ.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАНБ) гатовая штогод падаваць венесуэльскім студэнтам 10 адсоткаў аспіранцкіх месцаў, адзначыў Мясніковіч. Заява кіраўніка НАНБ прагучала ў адказ на просьбу кіраўніка венесуэльскай дэлегацыі, міністра навукі і тэхналогій Луіса Маркана садзейнічаць працягу навучання ў Беларусі венесуэльскіх спецыялістаў і атрыманню імі тут навуковых ступеняў.
Як адзначыў Л.Маркана, цяпер колькасць выпускнікоў універсітэтаў у Венесуэле складае 70 тыс., 20% з іх хацелі б працягнуць навучанне і атрымаць навуковую ступень за мяжой, у прыватнасці ў Беларусі.
З свайго боку, М.Мясніковіч прывітаў гатоўнасць венесуэльцаў навучацца ў аспірантуры, аднак зазначыў, што "такую колькасць — 15 тыс. чалавек — акадэмія навук адразу прыняць не зможа". Па яго словах, штогод НАНБ прымае ў аспірантуру каля 200 чалавек па 25-30 спецыяльнасцях. "Дзесяць адсоткаў ад гэтай колькасці мы маглі б замацаваць за венесуэльскімі калегамі, — падкрэсліў старшыня прэзідыума НАНБ, дадаўшы, што гаворка ідзе пра першы год прыёму. — Далей — дамовімся. Мы падбярэм добрых навукоўцаў, якія будуць кіраваць падрыхтоўкай навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі".
У дадзенай сувязі Л.Маркана выступіў з ініцыятывай накіраваць у Беларусь у якасці першых аспірантаў тых студэнтаў, якія звязаныя з рэалізацыяй беларуска-венесуэльскіх навуковых праектаў, прывёўшы ў якасці прыкладу супрацоўніцтва з Кітаем, дзе, па яго словах, навучаецца 90 венесуэльскіх студэнтаў, задзейнічаных у распрацоўцы тэлевізійнага спадарожніка.
Кіраўнік НАНБ падтрымаў дадзеную прапанову, адзначыўшы таксама неабходнасць арганізацыі навуковых стажыровак.