Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Іранцаў цікавіць беларуская зброя 13:30, 05/07/2007
Вайсковая дэлегацыя Ірана на чале з міністрам абароны Мустафой Мухамадам Наджарам прыбыла ў Беларусь 4 ліпеня. Паводле паведамлення прэс-службы Мінабароны Беларусі, беларускія і іранскія вайскоўцы абмяркуюць перспектывы супрацоўніцтва Міністэрстваў абароны дзвюх краін і “іншыя пытанні, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс”. Былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі лічыць, што галоўная мэта візіту іранскай дэлегацыі – купля беларускіх узбраенняў. Гэта ж пацвердзіў сёння Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што лічыць магчымым развіццё супрацоўніцтва з Іранам па ўсіх кірунках, уключна ваенна-тэхнічнае.
“Мяркую, што міністра абароны могуць цікавіць беларускія ўзбраенні, таму што пытанні тактыкі і стратэгіі беларускага войска наўрад ці ім патрэбныя. У іранцаў свой менталітэт, сваё войска і вырашаюць яны зусім іншыя задачы. Таму я магу выказаць здагадку, што іх цікавяць нейкія сістэмы ўзбраенняў, зброя, боепрыпасы да іх, магчыма, запасныя часткі. У Іране шмат узбраенняў былога Савецкага Саюза. Гэта цалкам іх можа цікавіць”, -- адзначыў экс-міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі ў інтэрв`ю прэс-цэнтру Хартыі’97.
Нагадаем, што ў траўні Менск наведваў прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад. Адной з прычын яго візіту ў Беларусь называлася ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Аднак, як лічыць генерал Казлоўскі, рэальныя вайсковыя ўзаеміны Беларусі і Ірана наўрад ці стануць набыткам грамадскасці.
Намер супрацоўнічаць з Іранам у ваенна-тэхнічнай сферы пацвердзіў сёння Аляксандр Лукашэнка.
"Нашы стасункі з Іранам развіваюцца эфектыўна па ўсіх кірунках. Мы не маем намеру іх утойваць, тым больш, што гэтыя стасункі не супярэчаць нарматыўна-прававым актам міжнароднага характару", – заявіў А.Лукашэнка, сустракаючыся ў чацвер у Менску з міністрам абароны і падтрымкі ўзброеных сілаў Ірана Мустафой Мухамадам Наджарам.
Як адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, "нашы стасункі ў сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва засноўваюцца на развіцці вытворчасці ў галіне высокіх тэхналогій". “Хачу пацвердзіць, што ўсе тыя кантракты, што падпісаныя з іранскім бокам, будуць выкананыя беларускім бокам", – сказаў А.Лукашэнка.
Ён прызнаў, што ў супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Іранам "ёсць некаторыя недамоўленасці". "Я думаю, што ваш візіт прасуне нас па пэўных кірунках і кантрактах", – заявіў А.Лукашэнка.
У сваю чаргу, кіраўнік Міністэрства абароны Ірана перадаў А.Лукашэнку "самыя цёплыя пажаданні ад прэзідэнта Махмуда Ахмадзінежада".
Па словах іранскага міністра, "Беларусь займае адмысловае месца ў знешняй палітыцы Ірана". "Наша супрацоўніцтва развіваецца дзякуючы таму ўзаемаразуменню, якое дасягнутае на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў", – заявіў М.Наджар.
Міністр абароны сказаў, што "з моманту вашага візіту ў Тэгеран прайшло 9 месяцаў, і за гэты час мы здолелі значна прасунуцца, у тым ліку, і ў сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва".