Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расея пагадзілася падзяліць з Беларуссю неіснуючую ўласнасць 12:46, 06/07/2007
Дзярждума ратыфікавала сёння Пагадненне паміж Расеяй і Беларуссю аб рэгуляванні пытанняў уласнасці неіснуючай “саюзнай дзяржавы”. Як перадае “Росбалт”, дакумент падтрымалі 416 дэпутатаў.
Адпаведнае пагадненне было падпісана ў Санкт-Пецярбурзе ў студзені 2006 года і накіраванае на рэалізацыю Дамовы аб стварэнні «саюзнай дзяржавы» ад 8 снежня 1999 года.
«Мэтазгоднасць заключэння Пагаднення абумоўленая неабходнасцю ўрэгулявання стасункаў уласнасці «саюзнай дзяржавы» на пераходны перыяд да прыняцця канстытуцыйнага акту, асноў грамадзянскага заканадаўства і закона аб уласнасці «саюзнай дзяржавы», – адзначаецца ў тлумачальнай занатоўцы да дакумента.
У пагадненні, у прыватнасці, прадугледжаныя аб`екты, якія могуць знаходзіцца ва ўласнасці «саюзнай дзяржавы». Як растлумачыў на паседжанні дакладчык па дакуменце, кіраўнік Федэральнага агенцтва па кіраванні федэральнай маёмасцю Валеры Назараў, гаворка ідзе пераважна пра «нематэрыяльныя актывы – кампутарныя распрацоўкі». Пры гэтым маёмасныя і асабістыя немаёмасныя правы і абавязкі здзяйсняе Савет міністраў «саюзнай дзяржавы», рашэнні якога абавязковыя для дзяржаў-удзельніц, іх органаў, юрыдычных і фізічных асоб.
Пагадненне дазволіць спарадкаваць маёмасныя стасункі і аптымізаваць фінансавыя рэсурсы «саюзнай дзяржавы» без дадатковых выдаткаў за кошт сродкаў федэральнага бюджэту.