Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прэзідэнт Літвы ўзнагародзіў ордэнам Юрыя Хашчавацкага 16:27, 06/07/2007
6 ліпеня ў Вільні прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус уручыў медалі ордэна "За заслугі перад Літвой" вядомым дзеячам беларускай культуры – пісьменніку Яўгену Будзінасу і кінарэжысёру Юрыю Хашчавацкаму. Урачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод адбылася ля будынка Прэзідэнтуры (Адміністрацыі прэзідэнта) у Дзень дзяржавы (каранавання караля Літвы Міндоўга).
У інтэрв`ю БелаПАН Хашчавацкі паведаміў, што ўзнагароды ўручаныя "за заслугі перад Літоўскай Рэспублікай і за ўслаўленне імя Літвы ў свеце", а таксама за ініцыятывы ў галіне літоўска-беларускага грамадска-культурнага супрацоўніцтва. Ён выказаў удзячнасць кіраўніцтву Літвы за высокую ацэнку сваёй працы ў сферы незалежнай кінадакументалістыкі.
"У нас выдатныя суседзі, якія хочуць жыць у нармальнай свабоднай краіне. Яны імкнуцца гэта рабіць і не лічаць Беларусь сваім ворагам. Як добрыя сябры літоўцы адчыняюць нам свае дзверы і гатовыя супрацоўнічаць з прадстаўнікамі беларускай культуры. Пра дапамогу нашай краіне сведчыць і Беларускі дом правоў чалавека ў Вільні, у якім я жыву. Такая дапамога без усякага экстрэмізму і радыкалізму і з`яўляецца праявай канструктыўнага дыялогу. У Беларусі ж з 1994 года канструктыўным дыялогам называецца маналог прэзідэнта краіны, падчас якога ўсе астатнія павінны толькі ківаць і паўтараць словы аб правасці кіраўніка дзяржавы. У Літве цалкам іншая сітуацыя, пры якой можна спрачацца, шукаць ісціну, памыляцца і змагацца за свае правы. І ў гэтым сэнсе Літва вельмі выдатна дапамагае беларусам, і ў першую чаргу беларускай моладзі", – сказаў Ю.Хашчавацкі.