Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
АБСЕ заклікае беларускія ўлады правесці свабодныя выбары і вызваліць палітвязняў 13:14, 09/07/2007
9 ліпеня, у апошні дзень працы ў Кіеве сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, большасцю галасоў была прынятая рэзалюцыя аб сітуацыі ў Беларусі, раней ухваленая камітэтам па палітычных пытаннях і бяспецы ПА АБСЕ. Рэзалюцыя з`яўляецца часткай агульнага дакумента, прынятага ПАСЕ, – так званай "Кіеўскай дэкларацыі". Дэкларацыя складаецца з асобных рэзалюцый, праекты якіх папярэдне сцвярджаліся адпаведнымі камітэтамі ПА АБСЕ.
Дакладчык па Беларусі Крысціян Піл Лорэнтцэн (Данія) заявіў, што падчас круглага стала па Беларусі, які прайшоў у Кіеве 7 ліпеня, выступілі лідэры чатырох беларускіх апазіцыйных партый. "Іх справаздача шчыра ўсхвалявала ўсіх прысутных", – падкрэсліў дакладчык і дадаў, што рэзалюцыя па Беларусі, якая выносіцца на галасаванне, з`яўляецца "ураўнаважанай".
У выніку пасля таго, як старшыня ПА АБСЕ Ёран Леннмаркер вынес дакумент на галасаванне, ён быў прыняты большасцю галасоў.
Нагадаем, у рэзалюцыі ПА АБСЕ настойліва заклікае беларускі ўрад "скарыстацца ініцыятывай ЕЗ па добрасуседстве", выконваць міжнародныя абавязальніцтвы і прытрымлівацца прынцыпаў, звязаных з ідэяй свабоднай і дэмакратычнай дзяржавы, "уключна меры па паляпшэнні становішча, выкладзеныя ў неафіцыйным дакуменце Еўрапейскай камісіі". ПА АБСЕ заклікае беларускія ўлады "занесці папраўкі ў Выбарчы кодэкс і ратыфікаваць яго", а таксама запрашаць АБСЕ "ўдзельнічаць у назіранні за ўсімі будучымі выбарамі".
Акрамя таго, ПА АБСЕ заклікае ўрад Беларусі "паважаць права на свабоду выказвання меркаванняў і на доступ да незалежнай інфармацыі ў нацыянальных і міжнародных СМІ". У дакуменце таксама змешчаны заклік захоўваць "правы няўрадавых арганізацый, не чыніць перашкод іх законнаму існаванню, не падвяргаць цкаванню і не пераследаваць сябраў няўрадавых арганізацый, а таксама дазваляць ім атрымоўваць міжнародную дапамогу". ПА АБСЕ заклікае ўлады "выпусціць на свабоду ўсіх палітвязняў, правесці належнае незалежнае расследаванне або перагляд спраў, датычных зніклых асоб".