Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расея размесціць ракеты ў Калінінградскай вобласці 11:33, 10/07/2007
Размяшчэнне ракет невялікай далёкасці ў еўрапейскай частцы Расеі, у тым ліку ў Калінінградскай вобласці, з`яўляецца эфектыўным асіметрычным крокам у адказ на аднабаковыя дзеянні ЗША па размяшчэнні элементаў сваёй сістэмы проціракетнай абароны зблізку межаў Расеі, лічаць расейскія вайсковыя эксперты.
"Гаворка ідзе, найперш, пра ракеты аператыўна-тактычнага прызначэння "Іскандэр-М", гэта значыць, пра ракеты малой далёкасці бою. Гэтыя ракеты могуць быць эфектыўныя для нейтралізацыі элементаў ПРА ЗША, запланаваных да размяшчэння ў Чэхіі і Польшчы", – заявіў "Інтэрфаксу-АВН" у аўторак першы віцэ-прэзідэнт Акадэміі геапалітычных праблем Канстанцін Сіўкоў.
У той самы час, па яго словах, магчымае набліжэнне месцаў дыслакацыі новых расейскіх ракет да трэцяга пазіцыйнага раёна ПРА ЗША ў Еўропе наўрад ці паўплывае на амерыканскія планы па яго будаўніцтву.
"Перакананы, што ЗША працягнуць будаваць глабальную сістэму ПРА, у тым ліку ў Еўропе. Бо яе галоўная мэта – не процідзеянне ўяўнай іранскай ракетнай пагрозе, а забеспячэнне Злучаным Штатам аднабаковай перавагі ў галіне ядзерных узбраенняў і стварэнне да 2012–2015 гадоў умоў для ядзернага шантажу ў дачыненні Расеі", – сказаў К.Сіўкоў.
Па яго словах, адзіным сродкам стрымаць планы ЗША па разгортванні глабальнай ПРА з`яўляецца "маштабнае разгортванне ў Расеі міжкантынентальных балістычных ракет тыпу РС-24 з галаўной часткай, якая раздзяляецца, а таксама стратэгічных ракет марскога базавання "Булава-30".
У сваю чаргу былы галоўнакамандуючы Сухапутных войскаў РФ генерал войска Мікалай Кармільцаў заявіў "Інтэрфаксу-АВН", што "размяшчэнне аператыўна-тактычных ракетных комплексаў "Іскандэр-М" у еўрапейскай частцы Расеі было б адэкватным адказам на разгортванне ЗША трэцяга пазіцыйнага раёна ПРА ў Польшчы і Чэхіі".
"Далёкасць страляніны ОТРК "Іскандэр-М" дазваляе пры неабходнасці нейтралізаваць пагрозу, якая будзе зыходзіць ад аб`ектаў амерыканскай ПРА, размешчаных ля самых межаў Расеі", – сказаў ён.
"Калі Расея будзе змушаная паставіць "Іскандэр-М" ля сваіх заходніх межаў, гэта стане ўсяго толькі адказам на недружалюбны крок ЗША і іх еўрапейскіх партнёраў", – падкрэсліў генерал.