Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Людміла Гразнова: «У артыкуле не згадваецца пра грамадскую дзейнасць Артура Фінькевіча» 14:04, 11/07/2007
Учора на сайце Радыё «Свабода», а пасля на сайце Хартыі’97, з`явілася інфармацыя пра палітвязня Артура Фінькевіча. Начальнік Магілёўскай спецкамендатуры падпалкоўнік Аляксандр Ламаза паведаміў Артуру пра тое, што на яго як на злоснага парушальніка рэжыму могуць завесці крымінальную справу і змяніць месца знаходжання пакарання. Начальнік спецкамендатуры папярэдзіў яго пасля спаткання з праваабаронцай Людмілай Гразновай і яе публікацыі пра жыццё палітвязня на «хіміі» ў газеце «Свабодныя навіны плюс». Пракаментаваць сітуацыю прэс-цэнтру Хартыі’97 згадзілася Людміла Гразнова.
– У інфармацыі, дадзенай радыё «Свабода», сказанае, што ў публікацыі нібыта згадвалася пра грамадскую дзейнасць Фінькевіча, якой ён займаецца, знаходзячыся на “хіміі”. У сувязі з дадзенай інфармацыяй я, як аўтар артыкула “Хімія” яго не зламала”, хацела б даць тлумачэнні. Нідзе ў артыкуле не згадваецца пра грамадскую дзейнасць Артура Фінькевіча, змешчанага цяпер на “хіміі”. Ужываюцца іншыя выразы, якія характарызуюць сяброўскія стасункі Артура. Няўжо чалавек, знаходзячыся на «хіміі», не можа выбіраць па сваім жаданні прыяцеляў і сяброў і адпаведна дапамагаць і быць падтрыманым? Вядома, выбар сяброў лагічна прадугледжвае аднадумства і агульныя знаёмствы. Гэта натуральна для кожнага чалавека. Па-другое, некалькі прапаноў, датычных сяброўскіх стасункаў Артура, напісаныя не з яго слоў, а з`яўляюцца маімі ўласнымі ўражаннямі. Артур нічога не гаварыў спецыяльна ў мікрафон, ніхто яго не інтэрв`юяваў. Здагадкі пра яго сяброўскія і бытавыя стасункі – гэта ўсяго толькі мае ўяўленні, вынесеныя з гутарак з яго таварышамі, – заявіла Людміла Гразнова.